Буся збірае сяброў
Дзеці – мае лепшыя сябры. Вы шчырыя, адкрытыя, даверлівыя. Амаль кожны дзень паштальён прыносіць лісты ад вас. Я даведваюся пра вашы самыя запаветныя мары, сяброў, прыгоды.
“Для мяне няма больш блізкага чалавека чым мая матуля. Яна любімы мой сябар”. Янчук Аліна, г. Пінск.
“Мяне завуць Паша. Я хачу пажадаць усім добрага настрою і выкананне жаданняў ад сябе, маей мамы і нашага ката”. Сарыч Павел, г. Пінск.
“Летам наш кот Рыжык заўсёды ездзіць са мной і татам на рыбалку. Ён любіць хапаць рыбу адразу з вудачкі”. Кавалёва Ксенія, г. Пінск.
“Нашай Майі тры гады, яна французкі бульдог. Мы кормім яе кормам для сабак, але яна больш за ўсе любіць ласавацца з нашых талерак”. Мельнік Раман, г. Мінск.
Цешаць мяне вашы малюнкі, вершы, апавяданні. Многія з вас нават пра мяне пішуць свае творы. Гэта так прыемна, што вы лічыце мяне сваім сябрам.
Хто ведае родную мову і любіць на ёй размаўляць,
Той Бусю, сустрэўшы, зможа з ім разам у вырай злятаць!
Сябруем з моваю нашай, з Бусем вучымся разам,
Пішам на мове роднай, жадаем вам шчасця ўсім класам.
Лукашэня Улляна, гімназія № 16 г. Мінска.
“Нашы бацькі выпісалі часопіс “Буся” і набылі кніжкі пра прыгоды Бусі. Мы чытаем іх усе разам, а потым пішам лісты сябрам з іншых школ. Раскажы, Буся, усім дзецям, якія чытаюць твой часопіс, пра нашу “Бусеву пошту”.
Першакласнікі школы № 39 г. Мінска
Я так расхваляваўся, што нават заклякаў: “Кля-кля-кля…”. На маё шчасце побач знаходзіўся верны сябар Вася Вясёлкін. Ён сказаў, што такія гісторыі ўжо здараліся ў “Вясёлцы”, калі таты і мамы сённяшніх бусянят, былі маленькімі. У часопісе “Вясёлка” існавала перапіска сяброў. Гэту добрую традыцыю ён і прапанаваў мне аднавіць, толькі цяпер праз часопіс “Буся”.
Урачыста аб’яўляю усім бусянятам. Мы адкрываем на старонках свайго часопіса “Бусеву пошту”! Усе-усе-усе слухачы-чытачы і падпісчыкі “Бусі” з сённяшняга дня залічаны нашымі аўтарамі. Пішыце лісты, і дасылайце іх у рэдакцыю, абавязкова пазначайце свой дакладны адрас. Дазваляецца прымаць дапамогу дарослых у напісанні і аздабленні лістоў, а таксама ў падпісцы на часопісы “Вясёлка” і “Буся”. Набывайце кніжкі “Бусева школка. Казкі”, “Пра Бусю, які жыве на Беларусі”, выдадзеныя ў выдавецтве “Харвест”.
Ваш Буся