Да 80-годдзя з дня нараджэння пісьменніка Міхася Стральцова
Міхась Лявонавіч напісаў не так і багата кніг, але ў яго няма выпадковых твораў. Любіў цішыню, а сапраўдным сябрам называў таго, з кім “ёсць пра што памаўчаць”. Калі побач крыўдзілі дзяўчыну, то не задумваючыся кідаўся на абарону, нават, калі крыўдзіцеляў было некалькі. Не любіў пляжы і курорты. Для яго лепшы адпачынак – чытанне вершаў Максіма Багдановіча, прозы Максіма Гарэцкага. Напісаў кнігі: “Сена на асфальце”, “Адзін лапаць, адзін чунь”, “Ядлоўцавы куст”. У “Вясёлцы” былі надрукаваны яго апавяданне “Дзяўчынка Ай” і верш “Гульня”.
Вяртанне
А нічога! Гэта можна,
Гэта можна зразумець!
Кот крадзецца асцярожна,
Каб абед сабе прымець.
Хлапчукі “вядуць” галёшу –
Трэніруюцца ў футбол…
Свет не кепскі, а харошы –
Ліст цярусіцца на дол.
Самалёцік-верталёцік
Самалёцік-верталёцік,
Страказа,
Апусціся ты на плоцік
Расказаць,
Ці баіцца цябе бусел,
А ці не?
Як у небнай жыць ты мусіш
Старане?
Тут мы ўнізе – чалавечкі,
Ты там – зух!
Цень спалохаў твой над рэчкай
Страказу!
Снег пры сонцы
А снег пайшоў,
а снег пайшоў,
І гэта нечакана,
З дзвюх лёгкіх хмарак-спарышоў –
Зусім неабяцана.
Перасмыкнуўся
ценем дзень,
Ураз аблёгся вецер,
І косы сонечны прамень
Згадаў аб цёплым леце:
Ну а сягоння сярод дня,
Сярод яго яснотаў,
Снег паваліў,
і цішыня
Грамчэй ад гром-грымотаў.
Месяц люты
Вясёлы месяц люты,
Мяцеліцай раскуты, –
Шумі вятрамі, грай!
Вятры пабралі лютні,
Імчаць у свет бязлюдны.
Праводзіны?
Адходзіны?
Зіме?
Эй, пачынай!
Давай!
Давай!
Мяцеліца пасцелецца
Ад рання да цямна.
Апоўначы насмеліцца
Адліга –
Месяц крыгай
Да самага відна.
А зорка – во свавольніца! –
Пад раніцу расколецца
Аб шыбіну акна.
– Скажыце! Навіна!
Кажыце не кажыце,
Ідзе вясна!