Калядка
Пятница, 10.03.2017 10:01. Рубрика: Вершы
Апранай ты, донька, хутка
Вышываны кажушок,
З-пад квяцістай цёплай хусткі
Хвацкі выпусці чубок.
У чырвоных новых бурках
Цёпла, мякенька назе.
Давязала ўжо бабулька
Рукавічкі балазе
Ой, чыя то дачка,
Як ягадачка?
Ані хмаркі ў небе сінім.
Глянь – тралейбусы на дол
Лёгкі, пышны, срэбны іней
Атрасаюць з правадоў.
Снег рыпучы крэкча гучна
З кожным крокам пад пятой.
І заліў румянец густа
Бледнаваты тварык твой.
Ой, чыя то дачка,
Як ягадачка?
Топні ножкай, плясні ў ладкі,
Ды суседзяў прывітай,
І вясёлыя калядкі
Разам з таткам заспявай.
А як вернешся з прагулкі
Ў свой гасцінны цёплы дом,
З апетытам з’есца булка
З падагрэтым малаком.
Ой, чыя то дачка,
Як ягадачка?
Фелікс БАТОРЫН