Нашы рыбы
СОМ
У карэнні вольхі дом
Збудаваў пад стромай сом.
І, вусаты, дзень пры дні
Там ляжыць на глыбіні.
СУДАК
Плотку вёрткую судак
Не ўпалюе аніяк,
Бо гадзінамі яна
Ля рачнога ўецца дна.
ВЕРХАВОДКА
Пазяхае ў сне салодка
Трапятуха верхаводка.
Як не спаць? – шчупак драпежны
Апынуўся сам на блешні!
АКУНЬ
Толькі з’явіцца акунь,
Верхаводка, слых наструнь!
Наўздагонку сігане –
Не схаваешся на дне.
ЖЭРАХ
Дзе палюе грозны жэрах –
Хвалі коцяцца на бераг.
З самай ранняе вясны
Пудзіць, злоснік, плёс рачны.
ЛЕШЧ
Лешч, заўжды лагодна-ціхі,
Бранзавець пачаў ад пыхі.
Ён даведаўся: у яме
З рыб усіх – старэйшы самы!
СТРОНГА
Дзе крынічная рачулка
У вірах булькоча гулка, –
Стронга, вёрткая, жывая,
Зоркі-крапліны хавае.
МЯНТУЗ
Позняй восенню мянтуз
Водзіць з рыбамі хаўрус.
Да сцюдзёнае пары
Дрэмле стоена ў нары.
ГАЛАВЕНЬ
Узлаваўся галавень:
Зноў стаіць пагодны дзень!
Смутна моршчыцца: усё ж
Паляваць лацвей у дождж!
ПЛОТКА
Не шкадуе плотка слёз –
Аж калышацца рагоз:
Захацеў зубач-шчупак
Паспытаць яе на смак.
ЛІНЬ
Лінь на ілістае дно
Адпачыць залёг даўно.
Так адужала лянота –
прачынацца неахвота.
БЫЧОК
Надакучлівы бычок
Хітра тузае кручок.
Ускіпае ў рыбака
Гнеў пякучы на бычка.
ВУГОР
Аж з Атлантыкі вугор
Да лясных дапяў азёр.
Незлічона перасек
І рачулачак, і рэк.
ПЯЧКУР
Плаўніком, як вёрткі бур,
Донны жвір шкрабе пячкур.
Укруціўся ў дно, залёг –
І жыццё сваё збярог.
Буся з ранку на рацэ.
Промень зыркі на шчацэ.
Аж калоціцца душа:
Зноў клюе! Падсек – ярша!
Мікола МЯТЛІЦКІ