Да 60-годдзя з дня нараджэння паэта Алеся Пісьмянкова
У дзяцінстве ратаваў кінутых сабак, прыкормліваў іх, але яны “ад’еўшыся, няўдзячна знікалі”. Калі ж займеў уласнага сабаку, то чытаў яму свае вершы, а калі той занядужаў, то карміў мёдам, і сабака ачуняў.
Яго любімыя пісьменнікі – Аркадзь Куляшоў, Міхась Стральцоў, Аляксей Пысін. Бацька двух сыноў, кожнаму прысвяціў па дзіцячай кніжцы.
Пра беларускую літаратуру мог гаварыць бясконца, і тады, па ўспамінах сучаснікаў, “увесь ажно свяціўся”.
Алесь ПІСЬМЯНКОЎ
Музыка саней
Пагодліва й марозна
У роднай старане.
Заснежаныя сосны
І музыка саней.
Не трэба слоў, не трэба!
На момант анямей.
Замры, як птах у небе,
Пад музыку саней.
Ўяві сябе малога,
Са светам парадней…
Зімовая дарога
І музыка саней!
Хата пад бярозамі
Раніца марозная,
З дрэў збівае медзь.
Хату пад бярозамі
Я хацеў бы мець.
Хату пад бярозамі
З жураўлём над студняю,
Вечарамі познімі
Печ паліць у студзені.
Санны след
Праз столькі зім, праз столькі лет,
Мяне расчуліў санны след.
Знаёмы след, звычайны след,
Як гэты снег, як гэты свет.
Як родны дом, замшэлы дах,
Айчыны дым – радзімы пах…
Калядныя строфы
Іскрыцца радасцю зіма,
Не спяць аснежаныя хаты.
О свята светлае калядаў!
Святлей на свеце свят няма.
А як зіхціць калядны снег,
Як зорка горнецца да зоркі!
“I волен лёгкіх санак бег”
Мне ў іхняй чуецца гаворцы.
Яшчэ…
Яшчэ
гуляюць маразы.
Яшчэ
спяваюць палазы.
Яшчэ
вясёлая сініца
звініць
на сініх аканіцах.
Яшчэ
з гаючае крыніцы
бяруць
вадзіцу маладзіцы.
Яшчэ
агонь трапеча ў печы.
Яшчэ,
паверце мне,
не вечар.