Салдацкае пісьмо
Мама чытала пісьмо і радавалася. Яе брат Пеця пісаў, што служыць на самай граніцы, што нядаўна атрымаў падзяку ад камандзіра.
Рыгорка сядзеў на канапе і слухаў. У канцы было напісана: “Шлю салдацкае прывітанне Рыгорку. Няхай хутчэй падрастае, сілы набіраецца, а я прывязу яму сапраўдны вайсковы рэмень”.
Рыгорка заўсміхаўся, папрасіў маму яшчэ раз прачытаць пісьмо.
Калі мама пайшла ў магазін, ён пачаў гуляць у вайну. На кашулю прырабіў папяровыя пагоны, падперазаўся рэменем, нацягнуў на галаву старую бацькаву пілотку.
Страявым крокам ён маршыраваў па пакоі. Раптам падаў, выхопліваў цацачны пісталет і страляў у нябачнага ворага. У перапынку паміж атакамі стомлены Рыгорка прысеў за столік, каб напісаць маме пісьмо.
Ён доўга думаў, пра што пісаць. Паглядваў у “Буквар”, як пішуцца літары. Выходзілі яны ў яго крывыя і не такія прыгожыя, як у кніжцы, але ён старанна выводзіў радок за радком.
Першае ў жыцці пісьмо!
“Ма-ма, пі-шу та-бе з фрон-ту. Вяр-ну-ся з пе-ра-мо-гай. Ца-лую. Твой сын”.
Рыгорка склаў пісьмо, намаляваў на ім чырвоную зорачку і падпісаў: “Салдацкае пісьмо”. Паклаў на столік у пярэднім пакоі. Вернецца мама – адразу ўбачыць.
А потым Рыгорку захацелася пабыць не проста салдатам, а танкістам. Хлопчык падышоў да шафы, адчыніў дзверцы і залез у яе, як у сапраўдны танк.
– Ну, паехалі, – сказаў ён і сцішыўся.
Тут якраз вярнулася мама.
Паглядзела ў пакоях – няма сына. Паклікала. Рыгорка не абазваўся. Праз шчылінку ў дзверцах ён бачыў маму. Вось яна падышла да століка, узяла пісьмо, хуценька прачытала.
– Сыночак ты мой… – ціха сказала мама і як стаяла, так і апусцілася ў крэсла.
Рыгорка ўбачыў, што мама спалохалася, выскачыў з шафы і закрычаў:
– Вось я!
Маці падхапіла сына на рукі, прытуліла да грудзей.
Рыгорка зусім разгубіўся.
– Мамачка, я пажартаваў, я ж нікуды не пайшоў, – гаварыў ён.
Маці гладзіла яго па галаве і ўсё прыгаворвала дрыготкім голасам: “Салдацік ты мой”.
Рыгорка не ведаў, што яго мама ў дзяцінстве не гуляла ў вайну. Яна бачыла яе, сапраўдную, сваімі вачамі.
Уладзімір ЛІПСКІ