Страчанае футэрка
Жылі ў пушчы дзве вавёркі – Верка і Волька. Верка заўсёды вясёлая, дабрадушная, а яе сяброўка – сумная, неспакойная.
Падзьмулі сцюдзёныя вятры, паліліся халодныя дажджы. Галінкі на дрэвах зрабіліся мокрыя, нязручныя для скачкоў, зямля – гразкая. Няўтульна стала сяброўкам. Вырашылі Верка і Волька самую восеньскую слоту-хлюпату ў дуплах сваіх перачакаць. Сустрэцца ж дамовіліся па першым марозе, па першым сняжку – на палянцы паміж двума дубамі, дзе вавёрчыны дуплы і знаходзіліся.
Два тыдні праседзелі вавёркі ў сваіх сховішчах. І вось адной раніцай высунулася Верка з дупла, а палянка, на якой іх з Волькай дубы раслі, уся белая, зіхоткая.
Скочыла Верка на палянку. Чакае, чакае – няма сяброўкі. Расхвалявалася і вырашыла праверыць, што здарылася? Завітала ў жытло да Волькі… зрабіла крок – і спатыкнулася аб нейкую перашкоду, зрабіла другі – і ўвогуле правалілася ў пыльную пастку. Паспрабавала выбрацца, учапілася за штосьці цвёрдае – і трапіла пад балючы дождж з арэхаў і шышак.
– Хто тут? – пачуўся аднекуль збоку раздражнёны голас Волькі.
– Гэта я – Верка, – спалохана адказала госця. – Дзе ты? Хіба забылася пра нашу дамову сустрэцца на палянцы па першым сняжку?
– Нічога я не забылася, – паказалася нарэшце са змроку гаспадыня. – Проста шукаю сваё зімовае шэрае футэрка.
– Так доўга – увесь першы пагодны дзень? – здзівілася Верка.
– Ну, так, увесь першы пагодны дзень, – заплакала Волька. – Летняе ж рудое футэрка – і халоднае, і на белым вельмі прыкметнае. А ты ж сама ведаеш, якая у нашай пушчы ліса спрытная.
Верка, паціраючы вялікі гузак, з жахам аглядалася: па ўсім Вольчыным дупле ў беспарадку былі раскіданыя арэхі, сасновыя шышкі, жалуды, рознае насенне. Уперамешку з харчам валяліся шматкі поўсці, кавалкі моху, сухое лісце.
– Хіба ж можна тут што-небудзь адшукаць? – спачувальна спытала Верка. – У цябе што, заўсёды такі беспарадак?
– Заўсёды, – прызналася Волька.
– Вось чаму ты такая сумная і непакойная, – раптам зразумела Верка. – Як не сумаваць, калі ты ў сваім жытле, нібыта чужая, нічога знайсці не можаш! Як не непакоіцца, калі няма дзе ні адпачыць, ні папрацаваць!
Волька яшчэ гарчэй заплакала.
– Не плач, Волька! Разам будзем тваё дупло прыбіраць.
Верка рашуча пачала выкідваць з дупла пустыя лушпайкі ад арэхаў і жалудоў. Потым збегала, назбірала густых сасновых галінак і чыста падмяла хацінку сваёй сяброўкі.
Пачало змяркацца.
– Нічога, Волька, закончым прыбірацца заўтра, – супакоіла сяброўку Верка. – А зараз, пакуль зусім не сцямнела, хадзем да мяне.
Па галінках даскакалі да Верчынага дупла. Гаспадыня хуценька сабрала вячэру – калі ўсё ляжыць на сваіх месцах, то часу на гатаванне траціцца няшмат. Павячэраўшы, вавёркі адразу паклаліся спаць.
Прачнулася Верка раніцай, пачала будзіць сяброўку.
– Якая ў цябе мяккая пасцелька! Я б яшчэ папесцілася, – салодка пацягнулася Волька.
– Сёння мы і табе такую ж зладзім, – паабяцала Верка. – Падымайся! Крыўдна ж будзе, калі і другі пагодны дзянёк прапусцім.
– Крыўдна, – пагадзілася Волька.
Яна з цікавасцю разглядвала памяшканне, у якім правяла ноч: яшчэ адна мяккая пасцелька з поўсці і моха – для гаспадыні, прыгожы столік з невялікіх трэсачак, побач крэсліцы з арэхавых шалупінак. У асобным кутку, адгароджаным тоўстай галінай, стосікі зімовых прыпасаў. У шчылінках сцен – некалькі зялёных яловых лапак, аздобленых рабінавымі ягадамі.
– Як у цябе прыгожа, Верка! – захоплена выдыхнула Волька.
– Давай снедаць, не марнуючы часу, – прыспешыла госцю гаспадыня, – і ў цябе хутка таксама гэтак будзе.
Толькі перад самым абедам закончылі вавёркі прыбіраць Вольчына дупло. Знайшлі і зімовае футэрка. Хуценька падсілкаваліся – цяпер ужо Вольчынымі прыпасамі – і паскакалі на палянку.
– Волька, цябе не пазнаць! – крыкнуў, прабягаючы праз палянку, знаёмы заяц Змітрок. – Першы раз бачу цябе такой радаснай. Чаму гэта раптам?
– А хіба ты не радасны ў такі цудоўны дзянёк? – прыйшла на дапамогу сяброўцы Верка.
– Яшчэ які радасны! – прыўзняў вушы Змітрок і паскакаў углыб пушчы.
Волька ўдзячна працягнула Верцы вялізную сасновую шышку, поўную смачных зярнятак.
Галіна ПШОНІК