Смачна есці!
Васіль ВІТКА
Гасцінцы
У хусцінцы –
Тры гасцінцы:
Табе, братка, –
Шакаладка,
Табе, дружок, –
Піражок,
А сястрычцы –
Тваражок,
Табе, свінка, –
Хусцінка:
Умыйся,
Утрыся
і спаць
Кладзіся.
Леанід ДРАНЬКО-МАЙСЮК
Хомка – рыбак і кухар
Лепей за яго няма
Рыбака на свеце –
Хомка шчупака паймаў
Кілаграмаў з дзесяць!
Кухарам усім на здзіў
На альховым вецці
Хомка шчупака зварыў –
Ешце рыбу, дзеці!
Хомка здолеў, Хомка змог,
Бо жыве не ў клетцы;
Ён – французскі, ён – бульдог
З беларускім сэрцам!
Сяргей ПАНІЗНІК
Бутэрбродаўская вежа
На абед мой брат – хадок,
За талеркай ён – ядок.
А ў мяне не проста ежа –
Бутэрбродаўская вежа.
Не ўмяшчаецца ў мой рот
Маг-до-наль-даў-скі бутэрброд.
Васіль ЖУКОВІЧ
Бабка ўнучка частавала
Унуку свайму гарадскому
(Унук той вядомы як неслух)
Бабулечка жартам, вядома,
Чырвоненькі перчык паднесла.
Той перчык, як нос Бураціна,
Быў востранькі і некароткі.
– Кусай, – кажа бабка Хрысціна
Рыгорку, – ён, мабыць, салодкі.
Нарэшце паслухаўся неслух:
Кусае, жуе перац горкі.
– Ты што мне, бабуля, прынесла?! –
Няўцямна пытае Рыгорка. –
Раней мне давала бананы,
А зараз… язык мой палае!..
– Раней жа ты быў паслухмяны,
І розніца тут немалая.
Галіна НІЧЫПАРОВІЧ
Натка
Не дзяўчынка – парасятка.
Ну вядома ж, гэта Натка.
Шчочкі, лоб і нос кірпаты
Перапэцканы ў Наты.
Ела кашу, суп, цукеркі,
На стале ляжаць паперкі.
Запівала малачком,
Аж сцякае ручайком.
Ўсё сама – карміць не трэба,
Толькі вось чаму без хлеба?
– Крошак многа нараблю,
Непарадак не люблю.
Вельмi прыгожыя вершыкi