Да 75-годдзя з дня нараджэння Веры Вярбы
Вера ВЯРБА
У 17 гадоў яна напісала сапраўдны шэдэўр – верш “Ручнікі”, які затым стаў, дзякуючы ансамблю “Песняры”, папулярнай песняй.
Паэт Мікола Аўрамчык успамінае, што ўжо ў 8-м класе здзіўляла ўсіх сваім паэтычным талентам, любіла жартаваць і кпіць з паэтаў-хлопцаў, была дзёрзкая і свабодалюбівая.
У 1968 г. выйшла кніжка вершаў для дзяцей “Пралеска”.
Ручнікі
У суботу Янка ехаў ля ракi,
Пад вярбой Алёна мыла ручнiкi.
“Пакажы, Алёна, броды земляку,
дзе тут пераехаць на канi раку?”
“Адчапiся, хлопец, едзь абы-куды,
не муцi мне толькi чыстае вады!”
У маркоце Янка галавой панiк,
упусцiла дзеўка беленькi ручнiк.
“Янка, мой саколiк, памажы хутчэй!
Бо плыве, знiкае ручнiчок з вачэй!”
“Любая Алёна, я ж вады баюсь!
Пацалуй спачатку – што як утаплюсь!”
Супынiўся гнеды пад вярбой густой.
Цалавала Янку Лена над ракой.
Стала цiха-цiха на ўсёй зямлi,
па рацэ далёка ручнiкi плылi…
1959 г.
Першы снег
Глянь у акно – уся вуліца новая.
Ці не млынар гэта, выжыўшы з розуму,
Вёз на кірмаш два вазы адмысловыя,
Перакуліўся, бядак, пад бярозамі?
Дрэвы стаяць, як дзяды белавусыя,
І да брыва пасінелі ад інею.
Меў валасы той млынар цёмна-русыя,
Вочы яго, як твае, – ясна-сінія.
1959 г.
Алені
Гулялі завеі
Ўсю ноч па алеях,
А ранкам у пене
Паўсталі алені.
Закінуўшы рогі,
Куды без дарогі
Яны, як аблокі,
Імчалі далёка?
Алені імчалі,
Вятры ім крычалі:
– Алені, алені!
Саб’еце калені!
Хацелася ў высі
За воблачным краем,
Ды так засталіся
Бярозавым гаем
1963 г.
Пралеска
Белыя бярозы
Спалі на ўзлеску,
Як сваю галоўку
Узняла пралеска.
Тоненькую ножку
З-пад пярыны белай
На зямлю пралеска
Ставіла нясмела.
А снягі наўкола –
Ні канца ні краю,
Страшна стала кветцы:
“Я адна – жывая!”
Кажа зверху сонца:
“Зорачка лясная,
З новым нараджэннем
Я цябе вітаю!”
Белыя бярозы
Разам зашапталі:
“Мы цябе, пралеска,
Ўсю зіму чакалі”.
І старая елка
Голасна ўздыхнула:
“Лета надыходзіць,
А зіма мінула”.
1959 г.