Пакарміце Мурку
Среда, 1.02.2017 13:09. Рубрика: Вершы
Добры ранак настае,
Горад спаць перастае,
Толькі наша котка Мурка
Нешта сёння не пяе.
Мо зарана ўстае,
Можа сонца не стае,
Але ж наш Іванка мусіць
Клапаціцца пра яе.
Гладзіць котку па спіне,
Кажа:
– Мурка ты, ці не?
Калі так ужо завешся,
То і муркай, як па мне.
А яму ў адказ:
– Ах, не!
Сэрца Мурчына кране,
Калі будзе ў Іванкі
Дзве сасіскі для мяне.
Зведаў аўтар на сабе –
Калі будзеце ў журбе,
Проста моўчкі пакарміце
Мурку, маму і сябе.
Алена ВАРАНЕЦ