Чароўныя рукавічкі
Да Калядаў было яшчэ некалькі дзён, але Ясік ужо з нецярпеннем чакаў свята. А пакуль ён займаўся любімымі справамі: гуляўся з цацкамі, катаўся з горкі.
Аднойчы Ясік з мамай і сястрой вярнуліся з прагулкі дадому і раптам пачулі нейкія дзіўныя гукі з гарышча. Што б гэта магло быць? Ясь першым кінуўся паглядзець. У вялікі куфар улезла кацянятка і не магло выбрацца. Хлопчык пяшчотна яго пагладзіў і выпусціў.
Ясь агледзеўся: ён заўважыў каля сцяны старое люстэрка. Раптам у люстэрку нехта з’явіўся! Гэта была выява вельмі прыгожай жанчыны, якая прамовіла:
– Ясь, ты паступіў, як сапраўдны мужчына. Ты выратаваў маё кацяня. Дзякуй.
– А хто вы?
– Я – фея гэтага дома. Але паказваюся толькі тым, хто гэтага заслугоўвае.
– А я заслужыў?
– Так. Ты зрабіў добры ўчынак і таму атрымаеш чароўны падарунак.
Ясіку вельмі хацелася падарункаў, але яму было няёмка пра гэта сказаць.
– Чакай сюрпрыз пад ёлкай. А цяпер ідзі да мамы.
Выява феі знікла. Захоплены сустрэчай, Ясь зусім забыў, што ён дома не адзін! Мама, напэўна, турбуецца…
Калі ён злез з гарышча, мама сказала:
– Каб ты заўсёды так хутка прыбягаў, калі я клічу. Хадзем абедаць.
Гэта было дзіўна. Ён жа амаль паўгадзіны быў на гарышчы! І тут хлопчык зразумеў, што яго незвычайныя калядныя прыгоды працягваюцца.
На наступную раніцу Ясь убачыў пад ёлкай невялікую скрыню з надпісам “Для Ясіка”! У ёй ляжалі сінія рукавічкі. Мяккія, прыгожыя, яны імгненна надзеліся на ручкі хлопчыка.
І тут здарыўся цуд. Яго рукі самі пачалі прыбіраць раскіданыя цацкі і кніжкі! За нейкую хвіліну была ідэальная чысціня! Мама не паверыла сваім вачам.
– Сынку, гэта ты навёў такі парадак?
– Я, – сціпла адказаў Ясік.
– Малайчына! Сапраўдны памочнік! Ты ў мяне зусім дарослы, – мама дастала з буфета скрынку з ласункамі.
Якое дзіця не хоча салодкага?
А што за цуды рабілі яго рукі ў незвычайных рукавічках на вуліцы! Ён паправіў суседскай дзяўчынцы санкі (адкуль толькі ведаў як?). На другі дзень вельмі хутка расчысціў ад снегу дарогу каля дому. Затым адкінуў цяжкую галіну, што звалілася на дарогу. Цудоўныя рукавічкі дапамагалі зляпіць для меншых дзетак і вялікага прыгожага снегавіка, зрабіць кармушкі.
Заканчваліся калядныя святы. Ясь атрымаў шмат падарункаў, але самымі дарагімі для яго былі рукавічкі. Хлопчык нікому не казаў, што яны маюць чароўную сілу.
Аднойчы Яська выйшаў у двор. Хлопчык хацеў яшчэ раз расчысціць сумёты. Рукавічкі не дзейнічалі! Тады Ясь узяў рыдлёўку і стаў раскідваць снег. Гэта было доўга, але ён здолеў.
Дома хлопчык сам прыбраў свой пакой. Ясік зразумеў, што добрыя справы можна рабіць і без чараў. А рукавічкі, дарэчы, не зусім згубілі чароўную сілу: у мароз яны добра грэлі Ясікавы ручкі.
Вольга КОРСАК