Парсючок Адась і яго музыка
Казка ў трох дзеях
Асобы:
Парсючок Адась
Татачка
Мамачка
Варона Рэгіна
Воўк Пятрусь
Першая дзея
Ноч. Раптам гучыць на ўсю моц музыка. Запальваецца святло. Спальня Адася. Ён танцуе. З’яўляюцца бацькі. Татачка выключае музычны цэнтр, вымае дыск.
ТАТАЧКА (да Мамачкі. Махае дыскам.) Казаў табе не дарыць яму на Новы год гэты жах! (Адасю). Каб больш я гэтага шуму не чуў! (Хавае дыск.)
АДАСЬ. Татачка, не трэба! Абяцаю больш ніколі гучна не слухаць!
ТАТАЧКА. Зараз жа спаць! Табе рана ў школу!
МАМАЧКА. Добрых сноў, сынок!
Бацькі выходзяць. Адась усхліпвае. У шыбу нехта стукае. Адась адкрывае акно. У пакой залятае варона Рэгіна.
РЭГІНА. Здаррроў! Я – Рррэгіна! А ты Адась?
АДАСЬ. Адкуль ты ведаеш, як мяне…
РЭГІНА. Пра мяне яшчэ паэт пісаў, што я: “ррразумная варона, лепшых птушак не бывае”! Чаму сумны? Новы год нядаўна быў, падарункаў шмат маеш! Чула ў цябе музыку выдатную! Уключай! Паскачам!
АДАСЬ. Не магу! Адабралі бацькі ў мяне музыку!
РЭГІНА. Як яны маглі! Але не плач! Паляцелі да мяне! У маёй хатцы зможам наскакацца ўдосталь!
АДАСЬ. Але ж мне…
РЭГІНА. Ведаю! З незнаёмымі нельга! Але мы з табою ўжо знаёмыя! І да таго ж, мне паэты веррршы прысвячаюць, а таму Рррэгіне можна давяррраць!
АДАСЬ. А дзе ты жывеш?
РЭГІНЕ (паказвае ў акне.) Бачыш лес? Мая хатка каля 117-й сасны, паміж старой елкай і пахілай бярозай!
АДАСЬ. Але ж…
РЭГІНА. Ведаю! Бацькі забаранілі ў лес хадзіць! Але ж са мной можна! Мяне там усе баяцца! Сам воўк Пятрусь на задніх лапках перада мной ходзіць! І да таго ж, глядзі! (Дастае далькажык. Адась слухае праз яго ў навушніках музыку.)
АДАСЬ. Гэта ж мая любімая музыка! Адкуль ты ведала…
РЭГІНА. Хіба забыў? Я – ррразумная варона. Паляцелі?
Рэгіна садзіць на сябе Адася, і яны вылятаюць у акно. Зацямненне.
Другая дзея
Лясная палянка, асветленая поўняй. Прылятае Рэгіна з Адасем.
РЭГІНА. Паглядзі, якая прррыгажосць! Эх, і свята ў нас будзе! Заррраз я хатку сваю прыбяру, а ты пакуль во тррымай (дае Адасю далькажык), паслухай, паскачы, пагрэйся. Зараз цябе паклічу!
Рэгіна знікае. Адась слухае ў навушніках музыку. Танцуе, нічога вакол сябе не чуе, не бачыць. З-за кустоў вылазіць воўк Пятрусь. Раззяўляе пашчу (выключаецца святло): р-раз! (Святло ізноў запальваецца.) І Адась праглынуты. З’яўляецца Рэгіна.
РЭГІНА. Малайчына я?
ПЯТРУСЬ. А я не верыў! Трымай! (Працягвае вароне бліскучыя каралі.) Як і дамаўляліся! Яшчэ ад маёй бабулі засталіся!
РЭГІНА. Давай сюды! (Хапае і знікае.)
ПЯТРУСЬ. Як жа гэта прыемна, калі ў цябе ў жываце такі кругленькі парсючок сядзіць! Ой! (Чухае жывот.) Чаго бунтуеш! Раз праглынуты – сядзі ціха!
АДАСЬ (голас з жывата). Выпусці! Калі ласка!
ПЯТРУСЬ. Яшчэ чаго! Ты з’едзены!
АДАСЬ. Я больш ніколі не буду слухаць гучную музыку!
ПЯТРУСЬ. А што мне твая дурная музыка! Сціхні, спаць хачу! (Воўк кладзецца пад кустом.)
АДАСЬ. Дурная музыка?! Як ты можаш так казаць, калі яе не чуў! Зараз выцягну з далькажыка навушнікі і пачуеш!
Пачынае гучаць на ўсю моц музыка. Пятрусь падскоквае.
ПЯТРУСЬ. Што гэта? Хто? Адкуль?
АДАСЬ. Ну як?
ПЯТРУСЬ. Выключы!!!
АДАСЬ. А я пакажу яшчэ як танцаваць пад яе ўмею!
ПЯТРУСЬ. У-у-у-ё-ё-й! У-у-усё! Усё! Усё! Здаюся!
АДАСЬ. Ты яшчэ не чуў маю самую любімую песню!
Воўк крычыць, шырока раззявіўшы пашчу (выключаецца святло, затым запальваецца), Адась выскоквае. З’яўляецца Рэгіна.
РЭГІНА. Што за крррык?
ПЯТРУСЬ (Рэгіне). Ты! (Зрывае з яе шыі каралі.) Аднясі гэтага парсюка дамоў, каб вочы мае не бачылі, вушы не чулі!
РЭГІНА. Як так? А мае каррралі?
ПЯТРУСЬ. Хутка! А то ўсё пер’е павыдзіраю!
Зацямненне.
Трэцяя дзея
Хатка Адася. Бацькі кормяць сыночка смачным, абдымаюць, галубяць.
ТАТАЧКА. Я табой ганаруся, сынок! Сам воўк Пятрусь цябе баіцца!
МАМАЧКА. Ах, які ты смелы! Як мы перажывалі!
ТАТАЧКА. Малайчына! Цяпер гэта будзе і наша з мамай любімая музыка, бо ніякі воўк з ёю нам не страшны! (Вяртае кампакт-дыск).
АДАСЬ. А я абяцаю, што яе так гучна больш слухаць не буду!
Заслона
Ад Вясёлкіна заданне: адкажы мне на пытанне, што такое далькажык і чаму ён так называецца? Лепшыя адказы будуць змешчаны на сайце: www.veselka.by
Міканор ХОМАЧКА