Усе колеры вясёлкі…
“Вясёлка” – гэта не толькі казкі, апавяданні, загадкі, вершы. Гэта яшчэ і выдатныя ілюстрацыі, ащтары якіх – лепшыя беларускія мастакі. Пачынаем знаёмства з імі.
Раіса Кудрэвіч (1919 – 2000 гг.) – беларускі жывапісец і графік. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1968 г.), народны мастак Беларусі (1999 г.).
Яе ілюстрацыі вызначаюцца выразнасцю, яркай святочнасцю, багаццем каларыта. Яна карысталася ўсімі колерамі вясёлкі, таму не выпадкова Раіса Кудрэвіч – аўтар вокладкі самага першага нумара часопіса (красавік 1957 г.).
Мастачка ўспамінала: “Мне было шэсць гадкоў. І вось аднойчы пайшлі мы з мамай на базар. І там я ўбачыла сапраўднае свята: стракатыя сталы, заваленыя садавінай і гароднінай. Захацелася ўсё гэта намаляваць. Прыйшла дадому і адразу папрасіла каляровыя алоўкі. Так з’явіўся другі свет, дзе ўсё было ў маіх руках: як захачу, так і зраблю. А з ім – адчуванне нейкага шчасця!”
Творы Раісы Кудрэвіч знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім абласным музеі імя П. Масленікава і шэрагу рэгіянальных музеяў.
Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК