Вясёлыя прыгоды Рысачкі
Надышла чараўніца-зіма. На дрэвах з’явіліся пухнатыя шапкі. Выраслі снегавыя гурбы, падобныя на казачных звяроў. На вуліцы штодзень каталіся з горкі ружовашчокія дзеці.
– Буся, паглядзі, як весела гуляюць хлопчыкі і дзяўчынкі! Давай і мы пагуляем у снежкі ці злепім снегавіка, – клікала сябра на вуліцу Рысачка.
– Не, Рысачка, – ветліва, каб не пакрыўдзіць сяброўку, адмовіўся Буся. – Мае родзічы буслы ўжо даўно адляцелі ў вырай. Холадна…
– А давай тады на паперы па клетачках намалюем прыгожыя зімовыя малюнкі! – прапанавала нястомная на задумы Рысачка.
– Цудоўна! – падхапіў ідэю Буся. – А яшчэ будзем рыхтавацца да навагодніх святаў і чакаць Дзеда Мароза.
Сябры, успомніце, якія цікавыя разнастайныя малюнкі вы стварылі разам з Рысачкай і Бусем у гэтым годзе. Паспрабуйце скласці новыя гісторыі пра нашых герояў і дашліце іх у рэдакцыю. Поспехаў вам у Новым годзе!
Ірына БУТОРЫНА