Рэпка
казка
Зрабіў градку пад рабінай, утыркнуў літару Р, прыгаворваў:
– Расці, Р! Радуй Рому! Раса-расіца, аброшвай Р. Ветрык-вятрыска, абветрывай Р. Промні-праменьчыкі, абагравайце Р.
І вырасла на градцы рэкордная рэпка.
Трэба вырваць рэпку. Рабінзон Рома рваў-рваў – не вырваў.
Рыссю раз’юшаная рысь прыскакала. Рома за рэпку, рысь за Рому – не вырвалі.
Раптам рабы рабчык прыляцеў. Рома за рэпку, рысь за Рому, рабчык за рысь – не вырвалі.
Прыпоўз берагам разбойнік-рак. Рома за рэпку, рысь за Рому, рабчык за рысь, рак за рабчыка – не вырвалі.
Раздумваюць, разважаюць: як рэпку вырваць?
Вынырнуў з нары крот. Рабінзон Рома просіць:
– Родны крот-працаўнік, выручай! Рэпку не вырвем…
– Зар-раз падгр-рызу кор-рань, – прахрыпеў крот і нырнуў у нару.
Рома за рэпку, рысь за Рому, рабчык за рысь, рак за рабчыка, а крот пад корань – р-раз і вырвалі.
– Ур-р-ра! Рэпка наверсе!
Разам вячэралі. Елі рэпку рабінзон Рома, рысь, рабчык, рак, крот. Радаваліся: дружным гуртам добра рэпку рваць, прыемна разам вячэраць.
Уладзімір ЛІПСКІ