Вершы Алесі Панцак
Зебранятка
Зебранятка захварэла,
П’е антыбіётыкі,
А ў суботу не хацела
Абувацца ў боцікі.
Бегла босае па траўцы,
Тупала па лужынах,
А цяпер сядзіць на лаўцы,
Выглядае спуджана.
Пашкадуем Зебранятку,
Пачастуем мёдзікам
І не будзем адмаўляцца
Абувацца ў боцікі!
Купаемся
Лісы ў лазні лапкі мылі,
Спінкі мылі, жываты,
Мылам мылілі, сушылі
І расчэсвалі хвасты.
Лісы мылі лісянят,
Зайкі мылі зайчанят,
Мыем мы сыночку
Носік, вочкі, шчочкі!
Цягнічок
Шпалы-шпалы, рэйкі-рэйкі:
Ехаў цягнічок з Вілейкі,
Вёз ён дзетак у сталіцу
Пагуляць, павесяліцца!
***
Бег сабачка цераз мосцік,
Намачыў у рэчцы хвосцік,
Лёг на бераг адпачыць,
Мокры хвосцік пасушыць.
***
Скок-паскок-паскок-паскок,
Пойдзе хлопчык у лясок,
Набярэ сунічак
І грыбоў-лісічак.
Скок-паскок-паскок-паскок,
Пойдзе хлопчык у садок,
Будзе там смяяцца,
З дзеткамі гуляцца.