Да 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча
Максім Багдановіч – вялікі паэт, бліскучы крытык і перакладчык – пражыў усяго 26 год. Пры яго жыцці выйшла толькі адна кніга “Вянок” (1913).
Нарадзіўся ў Мінску, але амаль усё жыццё правёў у Расіі.
Немаўлём любіў, каб з ім танцавалі.
Калі вучыўся ў гімназіі, то з-за сваёй смяшлівасці атрымліваў заўвагі ад настаўнікаў.
Не баяўся болю. У дзяцінстве ледзьве не адкусіў сабе кончык языка, а калі ж прышывалі (без наркозу!), ні разу не заплакаў.
Быў выдатным шахматыстам.
Любіў спрачацца і ў запале спрэчкі мог заскочыць на стол.
Самастойна вывучыў беларускую мову. Яго творы паказалі ўсяму свету, наколькі мілагучная і прыгожая наша мова.
Ведаў французскую, нямецкую, італьянскую, лацінскую мовы. Валодаў мовамі славянскіх народаў. Менавіта ў яго перакладзе ўпершыню пра-
гучалі па-беларуску вершы многіх сусветна вядомых паэтаў.
Эмацыйнасцю, артыстызмам, фантазіяй быў падобны да сваёй маці Марыі, якая пісала казкі і натхніла сына стаць літаратарам.
Перад смерцю працаваў над беларускім букваром. Адным са сваіх любімых твораў лічыў паэму-казку “Мушка-зелянушка й Камарык-насаты тварык”.
Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК