Справы на стагоддзі
Скарбы Нясвіжскага замка
– Сяргей Уладзіміравіч, калі ласка, вельмі-вельмі хочацца сёння пабачыць і Збройную, і Паляўнічую залы, і я зусім не стамілася, – пачала прасіцца малодшая сястрычка Янкі. Усе прысутныя падтрымалі дзяўчынку.
– Даражэнькія, я не супраць, але раней у замку было 170 памяшканняў, сёння працуе 30 экспазіцыйных залаў. Я неўпэўнены, што вытрымаеце, – пажартаваў Сяргей Уладзіміравіч.
Але нашы вандроўнікі былі так зацікаўлены і ўра-жаны, што паважаны экскурсавод прадоўжыў знаёмства з замкам.
– Сёння мы наведаем Збройную і Паляўнічую залы. У самой назве схаваны падказкі. Што можна захоўваць у Збройнай? І як вы думаеце, чаму яна на першым паверсе? – запытаў Сяргей Уладзіміравіч.
– Вядома ж, зброю, даспехі, магчыма, і гарматы. Мне здаецца, што цяжкавата было б іх падняць на іншыя паверхі, – выказаў здагадку Янка.
– Так, у гэтай зале захоўвалася зброя. Таму і мае назву – Збройная. Уздоўж сцен у спецыяльных скрынях – ручная агнястрэльная зброя, у цэнтры – гарматы і рыцарскія даспехі. У XVII стагоддзі арсенал замка налічваў каля трыццаці гармат, большасць з якіх зроб-лены пры Мікалаі Крыштафе Радзівіле Сіротцы. Найбольш знакамітая – серыя гармат, адлітая ў нясвіжскай майстэрні Германам Мольцфельдам у канцы XVI – пачатку XVII стагоддзя. Гарматы адрозніваліся сваім мастацкім аздабленнем: бронзавымі ўпрыгожваннямі ў выглядзе лісця розных раслін, вінаградных лоз і гронак, птушак, звяроў, выяў святых. Ствалы як бы спавіты мудрагелістымі калонамі, перакручанымі дрэвамі з аб’ёмнымі малюнкамі папугаяў, пачвараў. Гэта рабіла зброю больш прывабнай і экзатычнай.
– Якім жа добрым майстрам трэба быць, каб так маляўніча ўпрыгожыць гармату! – усклікнуў Янка.
– Іх адлівалі ў Нясвіжскім гарматным двары – людвісарні, так называліся тады такія майстэрні. Радзівілы не толькі папаўнялі свой арсенал, але і клапаціліся, каб гарматы радавалі вока сваім знешнім выглядам. Высокім гасцям іх з гонарам дарылі. Гарматам давалі назвы, напрыклад, Вінаград і Цэрбер захоўваюцца ў Санкт-Пецярбургу, – адзначыў Сяргей Уладзіміравіч.
– Ага! А зараз у Паляўнічую залу? – весела прапанаваў тата Янкі.
– Добра, зойдзем. Паляўнічая зала адноўлена, дзякуючы здымкам 1914-39 гг. Асноўнае месца займаюць паляўнічыя трафеі: рогі ласёў, чучалы мядзведзяў, глушцоў, карацей, жывёл і птушак. Ёсць шафа са зброяй. Тут захоўваюцца паляўнічыя стрэльбы аўстрыйскай, нямецкай і французскай вытворчасці. Паглядзіце фотаздымкі. На іх сцэны палявання князёў Радзівілаў. Унікальны экспанат залы – арыгінальны більярдны стол амерыканскай вытворчасці (Брунсвік 1896 г.).
– Тут ўсё вельмі захапляльнае, – прамовіў тата Янкі, – але ж вы памятаеце, мама стамілася і чакае нас каля ўваходу. Даваеце пойдзем далей, а сюды мы абавязкова вернемся!
Столькі таямніц і гісторый даведаліся сябры, столькі прыкладаў радзімазнаўства і радзіма-любства прывёў Сяргей Уладзіміравіч, але пра тое, чым ён, ды і самі Радзівілы зноў усіх здзівяць, ніхто не ведаў. Пакуль жа тата Янкі і Сяргей Уладзіміравіч размаўлялі:
– А памятаеш, калі мы былі малымі і тут гулялі, пры санаторыі, над уваходам у адміністрацыю, з-пад паўпразрыстай фарбы бачылі нейкія лацінскія літары, – прыгадаў тата Янкі.
Сяргей Уладзіміравіч падрыхтаваўся здзіўляць, бо гэта былі і яго дзіцячыя ўспаміны. Ці мог ён тады падумаць, што да іх дададуцца новыя, калі распачнецца рэстаўрацыя замку.
– Справа ад цэнтральнага ўваходу ў замак – яшчэ адна загадка Радзівілаў. Аказалася, надпісы ёсць над дзвярным парталам і злева ад галоўнага ўваходу ў цэнтральны корпус, а таксама амаль над усімі дзвярамі старажытнай камяніцы, пабудаванай яшчэ пры Мікалаі Крыштафе Радзівіле Сіротцы. Усяго рэстаўратарамі адкрыты з-пад слаёў тынкоўкі каля васьмі надпісаў. Хацелася даведацца, пра што думаў Сіротка, выбіваючы гэтыя словы. Аднак латынь 16 стагоддзя прымусіла перачытаць не адзін слоўнік. Па-першае, не ўсе надпісы добра захаваліся. Раней, відавочна, ведалі латынь лепей за тых, хто складаў сучасныя лацінскія слоўнікі. Нам пашанцавала, што амаль у канцы кожнага лацінскага выслоўя стаяў “апазнавальны знак”. Некалькі літар і лічбаў, тыпу MATHV CIII або LVC XVI, што натхніла нас на ідэю звярнуцца да Бібліі. Вядома, сучасная Біблія, адрэдагаваная за апошнія стагоддзі, не падыходзіла. Шукалі ў Бібліі часоў Сіроткі. І знайшлі! Адзін з надпісаў з’яўляецца часткай фразы: verumtamen quod superest date elemosynam et ecce omnia munda sunt vobis і перакладаецца: “Падавайце лепей міласціну з таго, што ў вас ёсць, тады ўсё будзе ў вас чыста” (Лука 11,41). На першым дзвярным праёме справа ад цэнтральнага ўваходу ў палац, напісана: “Але збірайце сабе скарбы на небе” (Мацвей 6,20). Другія дзверы ўпрыгожаны надпісам LAVAMINI MVNDI ESTOTE ESAI I (“Абмыйцеся, ачысціцеся; выдаліце ліхія ўчынкі вашыя ад вачэй Маіх…” (Ісая 1,16)). Магчыма, у гэтай частцы камяніцы раней была лазня. Ёсць і яшчэ адзін цікавы выраз: “Калі галодны вораг твой, накармі яго” (Кніга мудрасці Саламона 25,21). Пазней яшчэ адна пліта з загадкавым жахлівым надпісам Hic Murtui Vivuni et Muti Hoquunter (“Тут мёртвыя жывуць і нямыя гавораць”). Хто цяпер ведае, над уваходам у якое памяшканне замку была гэтая пліта? – задуменна скончыў свой аповед Сяргей Уладзіміравіч.
– А вось і наша мама! – узрадваўся тата Янкі і аб’явіў, абдымаючы сваіх сямейнікаў, – давайце не будзем прадаваць бацькоўскую хату!
– Ура! – закрычалі дзеці.
– Мы і заўтра хочам сюды прыйсці, тут столькі ўсяго, я зрабіў безліч здымкаў! – усклікнуў Янка.
– Давайце рабіць усё, каб нашы дзеці даведаліся, запомнілі, усвядомілі, навучыліся цаніць скарбы сваёй Айчыны, – задаволена сказаў Сяргей Уладзіміравіч.
Анастасія Радзікевіч