Калыска ў Вязынцы
З аповесці-казкі “Закаханы трэцякласнік”
Калі шчыра, то Алеся і Толік не хацелі пакідаць чароўную Нарач. Яны гатовы былі прасядзець усе канікулы каля возера, каб толькі сустрэцца з царом Вугром. Цікава, што б ён напрарочыў ім, ці стаў бы выконваць іх просьбы.
Казачнік супакоіў:
– Мы адкрылі з вамі Нарач. Цяпер вы можаце наведваць яе з бацькамі, з класам. А ў нас наперадзе шмат новых дарог!
Селі ў “Опель-попель”. Завуркацеў, як бухматы чмель, матор. Казачнік падкінуў сваім спадарожнікам заман-лівую задачу:
– У Беларусі столькі дарог! Каб іх выцягнуць у адну стужку, то па ёй можна сем разоў праехаць вакол Зямлі.
– Ух ты! – выгукнуў Толік.
– А мы што, па ўсіх тых дарогах праедзем? – як бы спалохалася Алеся.
– Вам падарожных шляхоў хопіць на ўсё ваша жыццё, – супакоіў Казачнік. – Мы ж пакуль складаем карту вандровак па найбольш цікавых мясцінах.
– І куды паедзем сёння? – спытаў Толік.
– О, наша дарога выслана проста да вёскі, дзе нарадзіўся Вялікі Паэт.
– Я па беларускай літаратуры верш на памяць прачытала, дык мне дзясятку паставілі, – сказала задаволена Алеся.
І Толік пахваліўся:
– А мой дзядуля – паэт. Мы з ім вершык склалі:
Ляцела варона,
Села ў яму.
Алеся сказала:
“Не крыўдзіце маму!”
– Праўда, мамаў нельга крыўдзіць, – пагадзіўся Казачнік і загадаў. – Зараз жа пазваніце ім. Ласкава пагаварыце. Няспешна раскажыце пра нашы вандроўкі.
Дзеці разбегліся ў розныя бакі. Па наваколлю панеслася іх вясёлае шчабятанне.
Казачнік тым часам агледзеў машыну. Адкрыў капот, праверыў ціск у колах. І калі вярнуліся да “Опеля” яго падарожнікі, засмучана аб’явіў:
– На жаль, сябры, паездка крыху затрымліваецца.
– Што здарылася?
– Трэба колы падпампаваць. Масла падліць. Машыну памыць. Вы адпачывайце. Я адзін спраўлюся, – патлумачыў Казачнік.
– Я тату заўсёды памагаю, калі ён машыну рыхтуе ў паездку, і вам памагу! – азваўся Толік.
– А я магу вокны памыць,– сказала Алеся.
Казачнік усміхнуўся:
– З такім экіпажам і бяда не бяда. За работу!
Разам, дружна падрыхтавалі машыну ў дарогу.
А калі крыху ад’ехалі ад Нарачы, калі перад аўто выцягнулася раўнюткая стужка шашы, Казачнік уключыў машыну на ўзлёт. І зноў пад вандроўнікамі адкрылася маляўнічая карціна прыроды. Не адарваць вачэй ад красы.
На гэты раз Казачнік учыніў экзамен:
– Пралятаем над лесам. Адгадайце, гэта ельнік ці бярэзнік?
Толік і Алеся прыціснуліся ілбамі да шкла, пачалі меркаваць:
– Верхавіны дрэў зялёныя, конусныя, – значыць, гэта ельнік.
– А во далей лес таксама зялёны, але святлейшы, а верхавіны больш кашлатыя. Дык гэта мо і ёсць бярэзнік?
Казачніку прыемна, што яго пада-рожнікі такія ўважлівыя. Задае ім загадку:
Ходзіць ён па ельніку,
Бродзіць па бярэзніку,
Ні капусты, ні салаты
Не знаходзіць барадаты.
Толік і Алеся пачалі згадваць усіх, хто носіць бараду:
– Мой дзядуля з барадой.
– У зубра ёсць барада.
– І казёл трасе барадой.
Казачнік толькі цешыўся сваімі дасціпнымі вучнямі. А пад машынай ужо праплываў новы краявід:
– Як называецца лес, у якім растуць адны сосны?
– Сасняк… Сасоннік…
– Правільна!.. А яшчэ ён мае прыгожае імя – бор. Паслухайце верш:
Верасы пад лісцем спалі,
Бор зялёны гнуўся,
Недзе пелі ў цёмнай далі
Журавы ды гусі…
– Прыгожы верш, – азвалася Алеся і спытала. – Хто яго прыдумаў?
– Янка Купала! Народны паэт! – і Казачнік нечакана для пасажыраў пачаў амаль што спяваць:
Мой мілы таварыш, мой лётчык,
Вазьмі ты з сабою мяне!
Я – ведай – вялікі ўжо хлопчык
І ўмею ўжо лётаць у сне…
Казачнік, здаецца, забыўся, што трымае руль крылатай машыны. Ён як бы кіраваў штурвалам самалёта і выгукваў узнёслыя словы хлопчыка-рамантыка:
Вазьмі ж мяне, лётчык, хачу я
Пабыць у людзях, паглядзець,
Як месяц на небе начуе,
Як блукае ў лесе мядзведзь…
“Опель-попель” раптам пачаў зні-жацца, і Казачнік бадзёра выгукнуў:
– Сябры! Мы на радзіме Паэта, які ўславіў на вякі летуценнага хлопчыка-лётчыка.
Калі машына апусцілася на зацэментаваны пляц, усе ўбачылі шыльду і надпіс на ёй “Вязынка”. А побач, на гранітным пастаменце, – бронзавы, з добрым паглядам Янка Купала. Ён быццам запрашаў усіх: “Заходзьце ў хату, дзе я нарадзіўся”.
Простая, сялянская хата зачаравала Алесю і Толіка. Іх уразіла самаробная калыска, у якой спявалі калыханку малому Яначку. Печ, стол, драўляныя ложкі і лыжкі, – ўсё-ўсё як бы заносіла экскурсантаў у тую далячынь, адкуль гучаў голас Паэта:
Вось гэтак у добрым здароўі
Мы будзем ляцець і ляцець.
Вазьмі ж мяне, лётчык, з сабою,
Не будзеш ты клопату мець!
Казачнік цешыўся. І ён не мае клопатаў са сваімі хлопчыкам і дзяўчын-кай. Яны, зачараваныя адно адным, ахвотна адкрываюць дзівосную казку жыцця.
Уладзімір ЛІПСКІ