Белы вярблюд
Среда, 28.12.2016 10:27. Рубрика: Вершы
Ноч усю завея
Чаравала тут,
І ля самых весніц
Ён ляжыць, вярблюд.
Ды не аднагорбы,
Не маленькі, не –
Два гарбы, як торбы,
На яго спіне.
Дружбакі прыбеглі
Паглядзець на цуд:
Ён яшчэ і белы,
Гэты наш вярблюд.
Будзім – не разбудзім,
Ды смяёмся ўсе
І на ім, вярблюдзе,
Ездзім па чарзе.
Пакатацца верхам
Хоча нават кот.
Вось які завея
Намяла сумёт!
Мікола Маляўка