Валярына Кустава. Вершы
Бярозка
Стаіць бярозка белая
Каля майго вакна.
Ёй холадна і жудасна:
Маленькая яна.
Вакол яе мяцеліца
Свой карагод вядзе
І звірухай белаю
Сняжынак круг ідзе.
А з неба кроплі белыя
Ляцяць кудысьці ўніз,
Спяшаюцца, нясмелыя,
Ў зімовай цішыні.
Зорачка
Свячу я на небе,
Палаю вагнём
І срэбныя промні
Кідаю вам сном.
А днём я сціхаю,
Іду адпачыць,
Каб ноччу ізноў
Вам свяціць і свяціць.
Я – тваё зерне, мама
Я – тваё зерне, мама.
Ты – мая глеба і неба.
Я з цябе ўзрастала,
як будучыня
з хлеба.
Мы – каласкі твае, мама,
сонечныя праменькі,
што рассыпаеш ласкава,
нібыта зярнятаў
жменькі.
Мы – тваё поле, мама,
новае пакаленне,
што з нараджэння, змалу
гушкаеш на каленях.
Мама – мова мая
“Ма” –
пракрычыць дзіця,
забыўшыся на яшчэ адно “ма”.
“Ма…” –
прастогне жаўнер,
не паспеўшы дагаварыць апошняе “ма”.
“Ма”, –
дапіша за яго першакласнік
першае сваё слова “Радзі…
…Ма!” –
Я паўтару тройчы
за тых, хто не паспеў:
“Мама!
Мама!
Мама…”
Мама – мова мая…
Шчаслівыя людзі на нашай планеце
Шчаслівыя людзі на нашай планеце –
Дзеці, дзеці, дзеці.
Сумныя людзі на нашай планеце –
Дзеці, дзеці, дзеці.
Вясёлыя людзі на нашай планеце –
Дзеці, дзеці, дзеці.
Дарослыя людзі на нашай планеце
Таксама дзеці.
Вой, у Валярыны заўсёды прыгожыя вершы! Яна малайчынка, добра што піша і для дзетак.
Цёплыя і пяшчотныя, як абдымкі з матуляй, вершы Валярыны. І ілюстрацыя — цуд!