Артысты і казачнікі
Лепшыя казачнікі – дзеці. У гэтым упэўніліся супрацоўнікі нашага часопіса, калі сустрэліся 2 кастрычніка з вучнямі 10-й гімназіі г. Маладзечна. Хлопчыкі і дзяўчынкі прыехалі на экскурсію ў музей “Вясёлкі”. Дзеткі імгненна прыдумалі і разыгралі казку, у якой удзельнічалі Вася Вясёлкін, Грошык і Буся.
Падчас восеньскіх канікул дарагімі нашымі гасцямі былі навучэнцы з Вілейскай гімназіі № 1, а таксама мінскія школьнікі з гімназіі № 14, СШ № 136 і № 12.
У халодна-няўтульныя дні сапраўдны сонечны настрой нам падарылі навучэнцы 2 “Б” класа 14-й беларускай гімназіі. 16 лістапада яны наведалі наш музей, дзе кожны атрымаў падарунак — кнігу “Я помню ўсё…” з аўтографам аднаго са складальнікаў і аўтараў выдання Уладзіміра Ліпскага. У кнізе сабраны дзіцячыя ўспаміны беларускіх пісьменнікаў пра Вялікую Айчынную вайну. З вялікай увагай дзеці слухалі аповед галоўнага рэдактара пра сваё ваеннае маленства.
Выхаванцы тэатральнай подыум-школы “Зоркі Вясёлкі” ў чарговы раз праявілі свой артыстызм. 16 лістапада яны пры-нялі ўдзел у прэзентацыі Між-народнага фонда імя Ігара Розума ў Доме Масквы ў Мінску. Асабліва цікавым быў праект “Галерэя добрых сэрцаў”. Юныя артысты ўдзельнічалі ў тэатралізаванай дэманстрацыі фотаработ Мікіты Бязрукава, сябра нашага часопіса.
На беларускім тыдні моды была паказана калекцыя “Вясёлка Stars” дызайнера Лідзіі Барынавай, брэнд JenniLise. Усё вельмі стыльна, модна, прадумана і лаканічна!
Увага для юных творцаў! Аб’яўляем конкурс на лепшую навагоднюю самаробную цацку. Дасылайце свае вырабы. Упрыгожым ёлку “Вясёлкі” разам! Пераможца атрымае запрашальнікі для ўсёй сям’і ў тэатр.
У новым годзе “Вясёлка” святкуе юбілей. Нам – 60!
Акрамя таго, уся Беларусь будзе адзначаць 500 год з дня выдання першай кнігі Францыска Скарыны. Мы падрыхтавалі для цябе самыя яркія старонкі з кнігі Анатоля Клышкі “Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга”.
“Вясёлка” з першага нумара распачынае новы цікавы праект з Нацыянальным мастацкім музеем. Ты даведаешся шмат новага пра беларускіх мастакоў, іх карціны. Рыхтуем для цябе шмат сюрпрызаў.
Ну, і як заўсёды, лепшыя апавяданні, казкі, маляванкі, красворды і аўтарскія скорагаворкі – усё гэта чакае цябе ў Новым годзе!
“Вясёлка” – часопіс, які заўжды з табой! Падпішыся на “Вясёлку”!
Вася ВЯСЁЛКІН