Як Антонік-Понік маляваў чалавечка
Загадкавы чалавечак
Маленькая аповесць пра вялікія тайны
Антонік-Понік чырвоным алоўкам намаляваў кружок.
Галава!
У кружку паставіў дзве кропкі.
Вочы!
Ніжэй кропак – маленькі кружочак.
Нос!
Пад ім – кароткую рыску.
Рот!
З двух бакоў кружка – кручкі.
Вушы!
Зверху кружка – іголкі.
Валасы!
Знізу – палачку.
Шыя!
Пад ёй – новы кружок.
Жывот!
З бакоў – вілы.
Рукі!
Унізе – два кіёчкі.
Ногі!
Каго намаляваў Антонік-Понік?
Чалавечка!
Правільная галава
Бяжыць унук да дзеда, пытае:
– У майго чалавечка правільная галава?
Дзед пільна паўзіраўся ў малюнак, сказаў:
– Галава ў твайго чалавечка намалявана добра. А ці правільная, ці разумная, не ведаю.
– А розум ва ўсіх бывае?
– У кожнага чалавека ў галаве ёсць мозг. Ён – наш камп’ютэр. Адказвае за ўсё, што мы робім.
– Няўжо за ўсё?
Дзеду спадабалася ўнукава цікаўнасць, і ён пачаў цярпліва тлумачыць:
– Вось ты задаў мне пытанне. Яно спачатку ўзнікла ў тваім мозгу. Ён падабраў патрэбныя словы, даў каманду языку, голасу і агучыў іх. Так я даведаўся, што ты хочаш спытаць. Цяпер уключыўся мой мозг. Ён адказвае табе. А ў гэты час твой мозг дае працу вушам. Слухае і дапамагае табе зразумець мяне…
– Як цікава! – усклікнуў Антонік-Понік.
– А калі цікава, то падумай, што азначае бацькава павучанне: “Усё трэба рабіць з розумам”.
– Трэба берагчы цацкі. Мыць рукі перад абедам…
– Добра, а што азначае бабіна прымаўка: “Трэба розуму набрацца”?
– Навучыцца чаму-небудзь добраму.
– Ну, унучак, калі ты такі разумны, то падумай, чаму дарослыя кажуць: “што галава, то розум”, “ён ходзіць на галаве”, “трэба мець галаву на плячах”, “адна галава добра, а дзве – лепш”?
Прыдумкі Антоніка-Поніка
Пасля дзедавага ўрока пра розум і правільную галаву Антонік-Понік пачаў вучыцца “варушыць” мазгамі. Яму спадабалася складваць загадкі-прыдумкі.
Хто адгадае іх?
…У тыдні – сем дзён.
Два з іх выхадныя – субота і нядзеля.
Пяць дзён тата і мама ходзяць на працу. Антонік – у дзіцячы садок.
Калі сераду назваць “сёння”, аўторак – “учора”, то як будуць называцца панядзелак і чацвер?
…На дзень нараджэння да Антоніка-Поніка прыйшлі з падарункамі бацька яго бацькі, маці яго маці, бацькава сястра з дачкой.
Як інакш можна назваць гасцей?
Кім Антонік даводзіцца кожнаму з іх?
…У парку Антонік-Понік сустрэў вавёрку, пеўніка, зайчыка, коціка. Для частавання ў яго былі морквіна, зярняты, арэхі, малако і апельсін. Задумаўся: каго чым пачаставаць, што пакінуць сабе?..
Каб мядзведзь на вуха не наступіў
Маляванага чалавечка Антонік-Понік амаль не адпускаў ад сябе. Кожны дзень у яго – новыя пытанні. І дзед, каб не здрэйфіць перад унукам, узяўся пачытваць мудрую кнігу “Анатомію”. У ёй апісвалася будова чалавека.
– Дзед, а навошта раніцай мыць вушы? Чаму іх ажно два? – спытаў Антонік.
– О, дружок, ты задаў важнае пытанне. Як табе растлумачыць?..
Дзед узяў аловак, паперу, пачаў маляваць вуха.
– Зірні, Антонік, нашы вушы падобны на ракавінкі, якія мы збіралі з табой на Нарачы.
– Ага, падобны, – пагадзіўся ўнук і ўшчыкнуў сябе за вуха.
– Нашы “ракавінкі” збіраюць, ловяць усе гукі вакол нас і перадаюць па барабаннай перапонцы ў сярэдняе вуха. Яно нябачна. Там ёсць тры слыхавыя костачкі: малаточак, кавадлачка, стрэмя. Усе гукі тут як бы перакоўваюцца і перадаюцца ва ўнутранае вуха. Адтуль адчувальныя нервовыя клеткі даносяць гукі ў мозг…
– Цяпер зразумеў, – задумліва сказаў Антонік, – вушы трэба мыць, каб усё добра чуць.
– Так, унучак. Але, каб ведаў, ёсць дзеці, у якіх вушы хворыя. Яны не могуць чуць маміну калыханку, спеў птушак. А калі чалавек нічога не чуе, ён не можа гаварыць. Вымушаны валодаць мовай жэстаў.
– Як гэта?
– Іншым разам раскажу, – паабяцаў дзед. – А цяпер адгадай, чаму, у якіх выпадках людзі ўжываюць такія выслоўі: “натапырыў вушы”, “пачырванеў да вушэй”, “чуў сваімі вушамі”, “развесіў вушы”, “не ўбачыць як сваіх вушэй”, “мядзведзь на вуха наступіў”, “у адно вуха ўвайшло, у другое – выйшла”?
Мова жэстаў
Антонік-Понік разам з дзедам асвойвае беларускую мову, а з ёй і мову жэстаў. Адгадайце, пра што жэсты Антоніка-Поніка?
Калі мама ідзе на працу, ён махае ёй рукой.
Калі яму нешла падабаецца, ён падымае ўгору вялікі палец.
Калі сумняваецца, паціскае плячыма.
Калі сустрэне салдата, прыкладвае далоньку да скроні.
Калі ў дзетсадзе хоча што-небудзь спытаць у выхавацелькі, падымае над галавой руку.
Калі мама кладзе меншую сястрычку спаць, бяжыць да бацькі і прыстаўляе ўказальны палец да губ.
Калі нешла вельмі падабаецца, пляскае ў далоні…
Кожны з вас, сябры, карыстаецца мовай жэстаў. А можа, яна ў вас не такая, як у Антоніка-Поніка?
Беражыце вочы
Новая раніца – новая цікаўнасць у Антоніка-Поніка:
– Дзед, а вочы таксама служаць мозгу?
– Яшчэ як служаць! Яны – наш фотаапарат.
– Што, і карткі робяць?
– У адзін міг!
– Як гэта?
– А во, зірні на вазон. Якая кветка ў ім расце?
– Кактус калючы.
– Якога колеру?
– Зялёнага.
– Бачыш, Антонік, вочы твае адразу выдалі дзве фоткі: кветка называецца кактус, і яна – зялёная. У той міг, калі я задаваў табе пытанні, твой зрокавы апарат сфатаграфаваў вазон. Тут жа перадаў сігнал у сятчатку, незвычайна адчувальную плёнку. З яе і паляцеў сігнал у мозг. А той імгненна даў каманду твайму языку, голасу, і яны падказалі табе…
– Дзед, а ў мяне два вокі. Якое з іх сфатаграфавала кактус?
– Яны працавалі разам. І перадалі ў мозг два сігналы. Кожнае – свой. А мозг параўнаў іх і зрабіў вывад…
– Здарова!.. – выгукнуў Антонік-Понік і задаў яшчэ адно пытанне: – Слухай, дзядуля, а для чаго ты носіш акуляры? Каб больш усяго бачыць?..
– Ох, унучак, сапсаваліся мае вочы. Без акуляраў не хочуць бачыць. Раю табе: беражы свае вочы!
Антонік-Понік задумаўся, а ў гэты час дзед прапанаваў для роздуму новыя свае задачы.
Што азначае: “быць на вачах”, “не паказваць вачэй”, “пайсці куды вочы глядзяць”, “аж вочы на лоб вылазяць”, “хаваць вочы”, “шукаць вачыма”, “брагчы як вока”?
Нос
Прыходзіць Антонік-Понік з вуліцы, плача:
– Нос змёрз.
Дзед павучае:
– Не высоўвай нос на мароз.
Распрануўся Антонік, адагрэўся, пытае ў дзеда:
– Чаму на твары першым мерзне нос?
– Таму што вытыркаецца. А яшчэ таму, што нос –
дыхальны апарат. Удыхае халоднае паветра, а выдыхае – цёплае. Мароз хоча пагрэцца ў цёплым, вось і лезе ў нос…
– А носам яшчэ можна нюхаць, – падказаў дзеду Антонік-Понік.
– Правільна, нос, як і вушы, вочы, язык, – служка мозга. Усе яны перадаюць яму звестку пра ўсё, што чуюць, бачаць, адчуваюць…
– А носам пеўнік дзяўбе зярняткі, – прадоўжыў дзеда Антонік-Понік і хітравата ўсміхнуўся. – Чаму, дзед, табе баба загадвала, каб вечарам носам не кляваў?
– Ах, мой хітрунок, калі так, то памазгуй, чаму так гавораць: “астацца з носам”, “вадзіць за нос”, “далей свайго носа не бачыць”, “задраць нос”, “камар носа не падточыць”, “круціць носам”, “нос у нос”, “павесіць нос”, “паляцець носам”, “зарубіць сабе на носе”?
Куды знік абед?
Селі есці. Антонік-Понік капрызіць:
– Не хачу кашы… Дайце цукерак…
Дзед адклаў убок відэлец, зірнуў на ўнука, спакойна спытаў:
– Антонік, як думаеш, машына без бензіна можа ехаць?
– Не-е.
– А трамвай – без дратоў?
– Ніяк.
– Вось і мы з табой абедаем, каб заправіць сябе энергіяй, рознымі вітамінамі.
– А навошта?
– Каб мозг і сэрца добра працавалі. Каб ногі нястомна бегалі. Каб рукі былі моцнымі…
– У мяне і так усё спраўна, – не здаваўся Антонік.
Дзед таксама не збіраўся ўступаць унуку:
– Памятаеш, мы глядзелі кіно, як у вайну людзі з голаду паміралі?
– Ага, запомніў.
– Дык вось, арганізм чалавечны трэба пастаянна падсілкоўваць ежай. Хочаш ведаць, што зробіцца з абедам, калі ён трапіць у твой жывот?
– Што?!
– Спярша твае зубы перамелюць ежу. Язык пакаштуе яе на смак. Падштурхне праз горла ў страўнік. Тут на наш абед наляцяць кроплі вадкасці. Яны такія салёныя, як марская вада. Называюцца салянай кіслатой, страўнікавым сокам.
– Не хачу такога соку, – азваўся Антонік-Понік.
– Ты пі яблычны, вінаградны сок, малако, кампот, а ў страўніка – свой сок. Ён ім апрацоўвае ежу, каб лёгка было забраць з яе патрэбныя вітаміны і перадаць іх у крывяносныя сасуды…
– Як гэта робіцца?
– Ежа пасля страўніка праходзіць па тонкіх і тоўстых кішках. Іх у нас ажно сем метраў. На гэтым складаным шляху карысныя рэчывы ежы ўсмоктваюцца ў арганізм. Астача выкідваецца, як усялякая непатрэбшчына, на сметнік…
Быў абед – няма абеду.
Сілы даў ён унуку, дзеду.
Сэрца – наш маторчык
– Дзед, у цябе сэрца баліць?
– Сёння, унучак, не.
– А як яно баліць?
– Лепш не ведаць, Антонік, – адказаў дзед і зразумеў: яму трэба адкрыць таямніцу пра сэрца.
Дзед прытуліў галаву ўнука да сваіх грудзей, спытаў:
– Чуеш – вухкае?
– Ага, чую: т-т-а-ах, т-т-а-ах…
– Гэта сэрца прымае кроў з вены і перакачвае яе па аорце да ўсіх органаў.
– А што такое вена, аорта?
– Гэта галоўныя крывяносныя сасуды.
– Для чаго пераганяць па іх кроў?
– Каб чалавек быў здаровы. У крыві ёсць усё, што жывіць нас, робіць бадзёрымі. От і кажуць: “Кроў іграе”.
– А калі ў цябе баліць сэрца, ты – сумны, – адзначыў Антонік.
– Не да весялосці. Разумееш, унучак, сэрца – наш маторчык. Мы з табой зараз гаворым, а яно працуе. Пойдзем у парк, а яно будзе на варце. Ляжам спаць, а сэрцу нельга драмаць. Колькі жыве чалавек, столькі і працуе наш маторчык.
– І не стамляецца?
– Калі стамляецца, тады і баліць сэрца, – уздыхнуў дзед. – Трэба шанаваць яго.
– А як? – падступаўся з роспытам Антонік.
Дзед пачаў пералічваць, што трэба рабіць, каб дапамагаць сэрцу:
– Трэба, унучак, штодня рабіць зарадку, з апетытам снедаць, абедаць, вячэраць. Своечасова класціся і моцна спаць…
– Гуляць, – дадаў унук.
– Правільна, быць на свежым паветры…
– Цяпер я ведаю, дзед, чаму ў цябе баліць сэрца.
– Скажы, мой доктарык.
– Ты шмат працаваў і мала адпачываў.
– Твая праўда, унучак. Блізка прымаў да сэрца свае і чужыя беды…
– Дзед, загадай што-небудзь пра кроў і сэрца.
– Падумай, што гэта азначае: “гарачая кроў”, “кроў ледзянее”, “праліваць кроў”, “сэрца кроўю абліваецца”, “кроў з носа”, “ад усяго сэрца”, “паклаўшы руку на сэрца”?
Умелыя рукі
Намаляваны Антонікам-Понікам чалавечак з кожным днём усё больш ажываў. Дзед расказваў пра яго нешта новае, хваліў унука:
– Загадкавага чалавечка намалявалі твае ўмелыя рукі.
– Умелая толькі правая рука, – паправіў Антонік дзеда.
– Так, аловак трымала твая правая рука, але ж і левая – не гультайка. Яна падтрымлівала паперу, шкрабла цябе за вухам…
– Рукі ёсць і ў робатаў, – падказаў Антонік дзеду.
– Ёсць, але ж яны не такія адчувальныя. Нашы рукі складваюцца з плечавой і локцевой костак, з пяці пальцаў, мускулаў, скуры. Сэрца качае кроў у нашы рукі, а мозг падае каманду. Вось таму яны такія рухомыя, жывыя…
– Дзед, а чаму ты вучыш мяне, каб не даваў волі рукам?
– Запомні, рукі могуць рабіць добрыя і дрэнныя справы. Вось і мне хочацца, унучак, каб ты не даваў волі рукам на дрэнныя ўчынкі.
– А доўгія рукі бываюць у тых, хто бярэ нешта чужое?
– Правільна, Антонік. А можа, ведаеш, чаму кажуць: “Рука руку мые”?
– Калі я раніцай мыю рукі, яны дапамагаюць адна адной. Калі ты, дзед, мне ў нечым дапаможаш, а я – табе, то гэта і ёсць: рука руку мые…
– Хай так будзе.
– Спытай, дзед, яшчэ што-небудзь пра рукі, – папрасіў Антонік.
– Падумай, калі просіш, што дарослыя думаюць, калі кажуць: “аддаць у чужыя рукі”, “трэба рукі прыкласці”, “махнуць на яго рукой”, “разводзіць рукамі”, “браць у рукі”, “біць па руках”, “на руках насіць”, “нячысты на руку”, “рукі не даходзяць”, “як рукой зняло”?
Ногі-хадулі
Неяк дзед з унукам заспрачаліся. Антонік-Понік узяўся даказваць, што галоўныя ў яго – ногі.
– Чаму ты так думаеш? – спытаў дзед.
– Глядзі, я стаю на нагах. А каб яны не трымалі мяне, я ўпаў бы.
– Але ж мозг дае нагам каманду: стаяць і трымаць тваё цела!
Дзеду прыемна, унук ужо не проста цікавіцца, распытвае, але пачынае сам раздумваць, што да чаго.
– А дзве нагі ў нас – для раўнавагі?
– Правільна, Антонік. Да таго ж яны мудра “зроблены”, што могуць выканаць любыя нашы жаданні. Бягуць, скачуць, калі мы захочам. Як сядзем – згінаюцца. Ідзём – пераступаюць цераз перашкоды.
– Яны ва ўсіх аднолькавыя? – спытаў Антонік.
– Бываюць ногі доўгія і кароткія, тоўстыя і тонкія. У кожнага – свае. Але збудаваны аднолькава: сцегнавая костка, калена, галёнка, ступня, пятка, пальцы…
– Баба аднойчы сказала, што ты, дзед, паставіў штосьці з ног на галаву.
– Было такое, – прызнаўся дзед. – Няправільна ёй нешта растлумачыў.
– Ага, а ты кланяўся бабе ў ногі, прасіў прабачэння.
– От, хітрунок, усё бачыш, разумееш. У такім разе, паразважай, што б гэта азначала: “душа ў пяткі ўцякла”, “толькі пяткі замільгалі”, “збіцца з ног”, “зваліцца з ног”, “блытацца пад нагамі”, “устаць з левай нагі”, “воўка ногі кормяць”, “за дурной галавой нагам неспакой”?
Дзедава пажаданне
Антонік-Понік малюе новага чалавечка. Цяпер ён ведае: мала акрэсліць кружок – і будзе галава, зусім недастаткова паставіць дзве кропкі – і гэта будуць вочы.
Антонік бярэ сіні аловак і малюе сінія вочы. Чорным алоўкам вымалёўвае бровы, вейкі, валасы. Чырвоным – падводзіць шчокі. Ружовым – фарбуе губы…
У кожнага мастака – свой чалавечак.
Кожны хлопчык і дзяўчынка – своеасаблівы чалавек.
Расціце, сябры, так, каб пра вас сказалі: “Добры чалавек!”
Будзьце заўсёды здаровымі!
Уладзімір Ліпскі