Ці пазяхае бегемот?
Сямейнае чытанне
У Рыгора Барадуліна было шчаслівае творчае жыццё. Кожны год у паэта выходзіла адна, а то і дзве кнігі, якія карысталіся заслужанай увагай чытачоў. З аднолькавай лёгкасцю ён складаў вершы, як для дарослых, так і для дзяцей. Такія яго зборнікі як “Ай! Не буду! Не хачу!”, “Што было б тады, калі б?”, “Індыкала-кудыкала”, “Кобра ў торбе” – не адно пакаленне беларусаў лічыла самымі дарагімі ў дзяцінстве.
Не любіў, калі яго называлі па бацьку і заўсёды прасіў, каб звярталіся “дзядзька Рыгор”. Калі быў маленькі, то свавольнічаў на ўроках, але меў выдатныя адзнакі па нямецкай мове. Школьнікам лавіў апалонікаў і ледзьве не патануў. Найвялікшым пачастункам лічыў рысавую кашу з цукрам. Збіраў фігуркі сланоў і чарапах.
Склаў верш “Трэба дома бываць часцей”, які стаў папулярнай песняй.
Лічыў, што “для дзяцей трэба пісаць не расцягнута, а жыва, вясёла, ігрыста і іскрыста, каб кожнае слова, кожны гук западаў у душу”.
На сайце “Вясёлкі” www.veselka.by прачытайце верш Рыгора Барадуліна “Ці пазяхае бегемот?” і намалюйце ілюстрацыі. Самыя ўдалыя будуць надрукаваны ў часопісе.
Вася ВЯСЁЛКІН
Рыгор Барадулін (24 лютага 1935 – 2 сакавіка 2014) – народны паэт Беларусі. Стала супрацоўнічаў з часопісам “Вясёлка”, дзе друкаваў свае лепшыя вершы для дзяцей. Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. Быў намінантам на атрыманне Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры.