Зебрык і “Зебра”
Зебрык вельмі хацеў быць дарослым.
– Мама, пусці мяне аднаго пагуляць! Я ўжо самастойны!
– Праўда? Тады схадзі ў госці да бабулі. Будзь уважлівы – недалёка ад яе дома – новая дарога з незвычайным пераходам.
– Урра! Я дарослы, мне давяраюць!
Зебрык ганарліва праскакаў міма суслікаў, што гулялі ў футбол. Нават хвастом не махнуў на іх прапанову далучыцца. Вось ён і каля новай дарогі. Перад ім – паласаты пераход.
– Яго зрабілі няйначай, як ў мой гонар! Зебры – галоўныя звяры на свеце!
Зебрык пачаў скакаць з адной паласы на другую і радасна крычаць:
– Белая! Чорная! Белая! Чорная! Ён так захапіўся, што не звяртаў увагі ні на пешаходаў, ні на машыны, якія асцярожна яго аб’язджалі. Стала прыпякаць сонейка. Зебрык стаміўся і лёг спаць проста на паласаты пераход. Прачнуўся ад таго, што матуля тузала яго за вушкі:
– Ну што, мой самастойны, мой дарослы, праведаў бабулю?
¬ Прабач, мама! – заплакаў Зебрык, – я не вінаваты! Гэта ўсё пераход: ён такі ж паласаты, як і я.
– Гэта ты такі ж паласаты, як і ён, – засмяялася мама. – Але як можна спаць на пераходзе? Яго намалявалі, каб ты, я і іншыя жыхары горада маглі спакойна і бяспечна пераходзіць дарогу. Чорнае добра бачна на белым, а белае на чорным. Таму гэты пераход і завуць “зебрай”. І скакаць на ім нельга. Які ты ў мяне яшчэ маленькі!
– Я вялікі! Каб ты бачыла, як я самастойна скакаў на гэтым пераходзе!
– Пайшлі, мой самастойны! Бабуля прыгатавала твае любімыя аладкі!
Радасны Зебрык пабег есці смакату.
Як ты думаеш, ці запомніў ён усё, што сказала яму мама? А ці зможаш паўтарыць ты: для чаго патрэбны такі дзіўны паласаты пераход? Што на ім можна рабіць, а што не?
Святлана ЧАРНАЯ