Добры дзень!
Надзейка выйшла са свайго двара, стала каля брамкі і глядзіць на вуліцу.
Звычайна тут поўна вясковых дзяцей. Хлопчыкі на роварах гойсаюць. На лаўках, каля брамак, дзяўчаткі ў лялькі гуляюць. А сёння нікога не відаць – выхадны дзень. Раніца. Усе дзеці яшчэ па дамах сядзяць. Вось і стаіць Надзейка, чакае, калі хто-небудзь з іх выгляне са сваёй брамкі. Тады сяброўку ці сябрука можна паклікаць у госці і пагуляць разам. Самой жа дзяўчынцы нельга адыходзіць далёка – малая яшчэ.
Вось ідзе паўз іх двор суседка, цётка Галя, – у прыгожай сукенцы, з сумкай. Мусіць, у краму.
– Добры дзень! – гучна і радасна сказала Надзейка.
Цётка Галя глянула на малую, усміхнулася і адказала таксама радасна:
– Добры дзень, Надзейка! Вой, якая ты ўжо вялікая вырасла, малайчына!..
І пайшла далей.
Услед за цёткай Галяй ішла нейкая незнаёмая маладая цётачка.
– Добры дзень! – Надзейка павіталася і з ёю.
Незнаёмая цётачка здзіўлена глянула на дзяўчынку, а потым усміхнулася:
– Добры дзень!
І таксама пайшла далей.
Цяпер Надзейка, хто б ні ішоў паўз яе двор, усім радасна гаварыла: “Добры дзень!”. А людзі, знаёмыя і незнаёмыя, усміхаліся і адказвалі: “Добры дзень!”
Праз нейкі час з крамы вярталася цётка Галя і несла поўную сумку прадуктаў. Надзейка ізноў гучна і радасна сказала:
– Добры дзень!
Цётка Галя засмяялася:
– Яшчэ раз – добры дзень! З прыемным чалавекам прыемна і ў другі раз павітацца!
І пайшла дадому.
– Вось ты дзе!.. А я цябе паўсюль шукаю! – раптам пачуўся знаёмы голас. – Што ты тут робіш?
З двара выйшла мама Надзейкі.
– На вуліцу гляджу і з людзьмі вітаюся. Усім кажу “добры дзень”, – адказала дзяўчынка.
– Малайчына! Гэта правільна! У нашай вёсцы ўсе людзі вітаюцца, нават незнаёмыя, – пахваліла дачушку маці.
– А цётцы Галі я ажно два разы сказала “добры дзень”! – аб’явіла Надзейка.
– Ну, два разы вітацца з адным і тым жа чалавекам у адзін дзень не трэба, – сказала маці.
– А цётка Галя гаварыла, што з прыемным чалавекам прыемна і ў другі раз павітацца! – запярэчыла Надзейка.
– Пойдзем ужо дахаты, прыемны чалавек! – усміхнулася мама і павяла дачку ў двор.
Тамара БУНТА