Лістападаўскія сны
Хведар ЖЫЧКА
Абабак
Ноччу снілася абабку:
трапіў ён у боршч да бабкі.
Раніцой зірнуў пад шапку –
з’еў слімак усю падкладку.
– Ах ты, злодзей, ненажэра,
сапсаваў мяне без меры.
З маіх плеч
дадолу прэч!
Сяргей ЧЫГРЫН
Сон
За слязой бяжыць сляза —
Плача з раніцы каза,
Бо прысніўся сон казе —
Самы светлы за ўсе.
Гэта праўда, а не жарт:
Сем вясёлых казлянят
Наша козачка прысніла,
Малачком малых паіла…
А калі з’явіўся воўк –
Раптам сон кудысьці ўцёк.
Змітрок МАРОЗАЎ
Адамава навука
Павучаў мяне брацік Адам:
“Перад сном шкодна есці!”
А сам?
Ноччу круціцца ў ложку ўюном –
Сем сасісак ён з’еў перад сном.
Таццяна ЧЭКЕД
Хітрая жабка
Жабка ўсіх нас падымае,
Лайдакамі гучна лае:
“Сонейка даўно ўзышло,
Працаваць яно пайшло!
Прачынайцеся: раз-два!
Ква-ква-ква, ква-ква-ква!”
А сама як пазяхнула
І салодкім сном заснула.
Васіль ЖУКОВІЧ
Лістапад
Над зямлёй – неба добры пагляд.
Каляровае лісце кружляе.
Лістапад, малады лістапад
Ласкай лісця зямлю атуляе.
Налятае на сцежкі й дамы
Завіруха лістоў залатая.
Толькі ноччу пагроза зімы
Халадком пра сябе нагадае.