Вадзяное царства
З аповесці-казкі “Закаханы трэцякласнік”
– Ну што, пасля падзямелля пара і адпачыць, – прапанаваў Казачнік.
Спадарожнікі ўзрадаваліся.
– О!.. Класна!.. – усклікнуў Толік.
– А дзе адпачнём? – спытала Алеся.
– Пабачыце! – адказаў Казачнік.
Ён націснуў левую кнопку навігатара, на якой загарэлася літара “А”, што азначала – “Адпачынак”. На экране высвеціўся доўгі слупок словаў.
Толік чытаў уголас:
– “Зорачка”, “Вясёлка”, ”Ліхтарык”, “Промнік”, “Сонейка”…
– Што гэта? – зацікавілася Алеся.
Казачнік патлумачыў:
– Так называюцца месцы адпачынку для дзяцей. Іх сотні. Выбірайце: у якім прызямлімся?
Вырашылі паляцець у дзіцячы цэнтр “Зубраня”.
Праз якую гадзіну яны прызямліліся, паставілі сваю крылатую машыну на пляцоўку перад жалезнай брамай. І хаця на ёй вісела шыльда “Чакаем вас у госці да нас”, вандроўнікаў папрасілі паказаць пропускі.
– У нас няма ніякіх пропускаў,– абурылася Алеся.
– У вас мо тут сакрэтная ракетная база, што такі кантроль? – здзівіўся Толік.
І толькі Казачнік захоўваў спакой. Калі яго спадарожнікі крыху панерваваліся, ён ціха спытаў у дзяжурных:
– Вы любіце казкі?
– Хто іх не любіць!.. У нас ёсць нават свае выдумшчыкі…
– А мы ўсе з казкі “Закаханы трэцякласнік”, – нечакана прызнаўся Казачнік.
Толік спалохана зірнуў на Алесю, а тая сарамліва пачала ўзірацца ў свае басаножкі.
– Вы што, сапраўдныя героі, як Баба Яга і Кашчэй Бессмяротны?
– Мы – новыя героі!
– О, тады просім у наша царства Дзяцей, – вартаўнікі адкрылі цяжкую металічную браму.
Не паспелі вандроўнікі адолець і сто метраў, як ім насустрач паказаўся атрад зубранят. Яны спявалі бадзёрую песню пра сонца, маму і шчасце. І як толькі параўняліся з імі, гучна паздароўкаліся:
– Добры дзень!
Казачнікі яшчэ не ведалі, што гэта было найпершым правілам зубранят – вітацца з кожным сустрэчным.
Царства Дзяцей складалася з цагляных карпусоў.
А гэта ж зусім не тое, што хаткі на курыных ножках.
Тут ўсё для адпачынку: спальні, сталоўка, спартыўнае поле, басейн, палац і нават заапарк з малпамі і паўлінамі. Казачнікаў найбольш зацікавілі магічныя месцы, дзе зубраняты загадвалі жаданні, сустракаліся з цудамі.
Ім паказалі бярозу. На яе кары – выява далоні.
Прыкладвай сваю руку да чароўнага месца і загадвай жаданне, якое абавязкова збудзецца!
Каля той загадкавай бярозы пабывалі Толік і Алеся. Яны разам прыклалі да яе свае далоні. Моўчкі пазіралі адно на аднаго. А пра што загадвалі, пра што прасілі ў магічнага дрэва, Казачнік мог только здагадвацца.
Вандроўнікі наведалі старажытны музей. Прайшліся, узяўшыся за рукі, па алеі ведзьмаў. Пабывалі каля кастрышча, вакол якога збіраюцца ўсе зубраняты і спяваюць любімыя песні.
Далей перад імі адкрылася Вадзяное царства. Ні Толік, ні Алеся ніколі ў жыцці не бачылі такі цуд – таямнічае возера Нарач. Як вокам кінуць – вада, вада, вада. Амаль трынаццаць кіламетраў у даўжыню і дзесяць у шырыню.
– Якая ванна! – ахнула Алеся.
– Ага, які басейн! – згадзіўся Толік.
А Казачнік прыгадаў знаёмага хлопчыка, які прыехаў з вёскі і ўсім апавядаў:
– У маёй бабулі ёсць аграмадністая мікрахвалёўка. Называецца – печ.
Пачалі раздумваць: чаму гэтую вялікую ваду назвалі Нарач? Разгадку ведаў Казачнік. Яму нават крыху зайздросцілі Толік і Алеся: іх павадыр усё наперад ведае. От бы самім быць такімі!
– Слухайце, што гучыць у назве “На-рач”. Раней рэчка вымаўлялася і пісалася – “рачыца”. Корань “рач” ёсць у “На-рач-ы”. Выходзіць, гэта возера ляжыць на рачыцы, на рэчцы. Цяпер уявіце, якую ж сілішчу мела тая рэчка, якая са сваіх падземных крыніц напампавала цэлае возера чароўнай вады!..
– А чаму гэта вада чароўная? – спытала Алеся.
– Бо чыстая і светлая, лячэбная і масажная, – Казачнік загадкава зірнуў на дзяцей і спытаў пра самую важную тайну.
– А хто галоўны ў Вадзяным царстве? Як вы думаеце?
– Цар Няптун! – першым выгукнуў Толік.
– Мо дзядуля Сом? – няўпэўнена паціснула плячыма Алеся.
– Дык ведайце, сябры, царом тут слугуе Дзядзька Вугор!
– А хто гэта?
– О! Ён у Вадзяным царстве галоўны. Важней драпежнага шчупака. Хітрэй сіга-волата. Мудрэй плотак і акунёў. Весялей карасёў. Вяртлявей верхаводак…
– А ці можна яго пабачыць?
– Ён выходзіць са дна зялёных водарасцей толькі да тых, хто строга выконвае яго правілы.
– Можа, як залатая рыбка, выконвае жаданні паслухмянцаў? – зацікаўлена спытаў Толік.
– Ён гатовы зрабіць што хочаш. Толькі трымайся яго патрабаванняў.
– Адкрыйце нам іх, – папрасіла Алеся.
Казачнік зразумеў: яго юныя сябры хочуць сустрэчы з Вугром. Ім ёсць што папрасіць у вадзянога цара.
Казачнік па-настаўніцку пачаў дыктаваць заданні, як бы ад самога Дзядзькі Вугра:
– Слухайце, запамінайце і выконвайце: першае – ніколі не збірайцеся лавіць ні самога Вугра, ні яго родзічаў: будзеце мець горкія непрыемнасці; другое – не рабіце аніякай шкоды Вадзяному царству, ні самой вадзе, ні азёрным кветкам, водарасцям, аніякай яго жыўнасці, расліннасці; трэцяе – перад сыходам на спачын сонца вымошчвае на вадзе залацісты, промневы дыван, дык не ўздумайце па ім плаваць, бо гэта дарога для прагулак уладара Вугра; чацвёртае – з Вугром можна сустрэцца раным-раненька, сонца прачынаецца, тады ён адплывае ад берага на глыбіню, таму часцей сустракайце ўзыход сонца; пятае – тое, аб чым хочаце папрасіць цара Вугра, павінна быць вашай глыбокай тайнай: калі яе некаму даверыце, то Вугор дазнаецца пра гэта і не зможа вам дапамагчы.
Толік і Алеся ўсё ўважліва праслухалі. Нават запісалі.
Заходзіла сонца. Яно як бы масціла для сябе пасцель за зялёнымі верхавінамі сосен, а на вялізным люстэрку возера раскінула сваю прамяністую касу. Усё наўкол сцішылася ў чаканні чараўніцтва.
Толік і Алеся сядзелі на драўляным пірсе, які злучаў бераг з санлівымі хвалямі. Не зводзілі вачэй з сонечнай дарогі, як бы па ёй вось-вось павінен праехаць ў залатой карэце сам цар Вугор.
Казачнік ведаў: калі чалавек задумваецца, яму трэба даць магчымасць падумаць, калі чалавек маўчыць, яму патрэбен час для маўчання, калі чалавек хоча цішыні, дык гэта душа просіць такой уцехі.
Казачнік ціха пакінуў бераг Нарачы. Яго чакалі на паляне Забаў зубраняты. Ён раскажа ім пра вандроўкі па Беларусі з Толікам і Алесяй на крылатым “Опелі”. Ён навучыць іх пісаць свае казкі.
Уладзімір Ліпскі