Дух знатнага роду Радзівілаў
Скарбы Нясвіжскага замка
– Сяргей Уладзіміравіч, тут адчуваецца дух гісторыі. Давайце паспрабуем за дзень усё агледзець як турысты. Вернемся дадому, пагартаем дзённік, што вы з татам знайшлі на гарышчы, і вы нам падрабязней раскажаце пра знаходкі і страты замка, – папрасіў Янка.
– Калекцыя музея ўключае ў сябе досыць вялікую колькасць твораў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Але ж спачатку пройдземся па паверхах і пакоях. Яны ўсе аб’яднаны ідэямі і асноўнымі прынцыпамі, духам знатнага роду Радзівілаў, – пагадзіўся Сяргей Уладзіміравіч.
– Куды вядзе парадная лесвіца? Мы яе ўжо агледзелі, кіруйце намі, Сяргей Уладзіміравіч, – прапанавала мама Янкі.
– Парадная тэма працягваецца ў прылеглых бакавых залах, дзе прадстаўлены традыцыйныя для Нясвіжскага замка калекцыі Радзівілаў. Кабінет “Нумізматыка і фалерыстыка” дае магчымасць прасачыць сувязь сям’і Радзівілаў з самымі вядомымі родамі Еўропы.
– А што такое “нумізматыка” і “фалерыстыка”? – спытала сястрычка Янкі.
– Бачыш, усе манеты, што тут ёсць, гэта калекцыя нумізматыкі, а ўзнагароды – ордэны, медалі, нагрудныя знакі і значкі – каллекцыя фалерыстыкі Радзівілаўскага роду, – патлумачыў навуковец.
– Зразумела: нумізматыка – манеты, фалерыстыка – ордэны. І колькі ж іх тут! – узрадавана прамовіла сястрычка Янкі.
– Наступны кабінет, куды мы накіроўваемся, называецца “Мінералы”. Гэту калекцыю пачаў збіраць Міхаіл Казімір Радзівіл “Рыбанька” ў першай палове 18 стагоддзя. Тут адлюстравана ідэя адукацыі, пазнання свету і роднай зямлі.
– Дык і я магу пачаць збіраць камяні і мінералы з усіх нашых вандровак па Беларусі! – радасна зазначыў Янка.
– Згодзен з табой, гэта будзе вельмі цікава і табе, і тваім сябрам, асабліва калі наведаеш тыя месцы, дзе яшчэ не быў. Падыходзім да выставы “Слуцкія паясы”. Вы бачыце прадметы, што заваявалі ў свой час еўрапейскае прызнанне. Сярод асабліва значных рэчаў, якія маюць высокую мастацкую і музейную каштоўнасць, два кунтушовыя паясы 18 стагоддзя, вырабленыя на мануфактуры Якубовіча. Такая назва паясоў паходзіць ад мужчынскага касцюма – кунтуш, на які і павязвалі пояс. Дарэчы, пояс не столькі ўпрыгожваў касцюм, колькі паказваў высакароднасць паходжання і заможнасць уладальніка.
– А як іх завязвалі? Яны такія вялікія і доўгія, здаецца, аднаму зрабіць гэта проста немагчыма, – пацікавіўся тата Янкі.
– Так, было цяжка, таму ў дапамогу дваранам над дзвярыма прыбівалі цвік, на які прымацоўвалі пояс, і чалавек сам у яго “закручваўся”.
– Цікава б паспрабаваць, – пажартаваў тата Янкі.
– Праходзім далей, не жартуем. Залы з поўначы і поўдня (на другім паверсе) галерэі, камяніца, паўночны корпус раскрываюць ідэі сям’і і веры –каштоўнасных прыярытэтаў роду Радзівілаў. Тут прадстаўлены сімвалы, знакі княскай вартасці: граматы, якія пацвярджаюць тытул Радзівілаў – князёў Свяшчэннай Рымскай імперыі, генеалагічнае дрэва Радзівілаў, якое паказвае іх сувязі з багатымі дамамі Еўропы. Паколькі традыцыі сям’і заставаліся нязменнымі, вырашана арыентавацца не на гістарычных асоб, а на гістарычную тыпалогію памяшканняў (кабінет, пакой князя 16-17 стагоддзя). Яны напоўнены экспазіцыйнымі знакамі, якія адлюстроўваюць фундатарскую і заканадаўчую дзейнасць Радзівілаў. Важна і цікава ўбачыць існаванне Нясвіжскай ардынацыі ў 1939 годзе. Гэта ідэя адлюстравана ў залах сямейнага альбома, на фотаздымках апошніх уладароў Нясвіжскага замка.
– Ого, гэта амаль сучасныя ўладальнікі? – са здзіўленнем разглядваў здымкі Янка.
– Ну, не зусім “амаль сучасныя”, тыя хто гаспадарыў тут да 1939 года. Тэматычныя экспазіцыі прадаўжаюць і падтрымліваюць ідэю славы і ўлады Радзівілаў, іх выключнасці ў гісторыі нашай краіны і Еўропы, патрыятызма і служэння радзіме. Ва ўсходняй галерэі, дзе ў 17 стагоддзі знаходзіліся пакоі Міхаіла Караля Станіслава Радзівіла “Пане Каханку”, а ў пачатку 20 стагоддзя Эльжбеты Радзівіл, размяшчаецца зала прыватных калекцый: выстава срэбра, прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выкананыя на высокім узроўні вырабы з фарфору і шкла мясцовай і замежнай вытворчасці. Спадзяюся, што ў будучыні музей-запаведнік зможа дэманстраваць каштоўныя калекцыі, якія перададуць у замак члены сям’і Радзівілаў. Карціны і іншыя рэчы з Нясвіжа неабходна ўвесь час шукаць і набываць у Еўропе. На прэстыжных аўкцыёнах кшталту Сотбіз, Крысціз. Там хаця б раз на год выстаўляюць сапраўды вартыя рэчы з розных радзівілаўскіх калекцый. Цэны адпаведна-высокія: ад дзесяці да пяцідзесяці тысяч еўра, – пажаліўся Сяргей Уладзіміравіч.
– А вы казалі пра капліцу, а для чаго яна? – спытала мама Янкі.
– Гэта невялікае асобнае памяшканне, спецыяльна прызначанае для набажэнстваў. Яе будаўніцтва звязана са з’яўленнем у Казіміра Радзівіла Міхаіла “Рыбанькі” ўшанаванай іконы Божай Маці Ларэтанскай. У чэрвені 1758 года ва ўрачыстай абстаноўцы капліцу асвяціў жамойцкі біскуп Антоні Тышкевіч. У часы знаходжання ў Нясвіжскім палацы санаторыя тут месціліся лячэбныя памяшканні. У пачатку 19 стагоддзя рэстаўратары аднавілі капліцу, а ў лютым 2013 года яе асвяціў арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Побач з капліцай экспазіцыя, звязаная з ідэяй веры і стаўленнем Радзівілаў да рэлігіі. Раскрыць гэтую тэму стала магчымым дзякуючы перадачы прадметаў сакральнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з рымска-каталіцкай парафіі Божага Цела ў Нясвіжы: арнаты, падсвечнікі, шчыпцы для выпечкі… Пазней мы наведаем з вамі яшчэ дзве цікавыя залы: паляўнічую і арсенал, паспрабуем разгадаць загадку заснавальніка замка, і прачытаць яго пасланне нашчадкам, а пакуль дамоў – адпачываць! – на гэтым закончыў экскурсію Сяргей Уладзіміравіч.
Анастасія РАДЗІКЕВІЧ