Вандроўка з мудрым дзедам
Крышку пра кніжку
Вандраваць – справа дужа карысная і цікавая. Поспех адкрыццяў залежыць ад павадыра і маршрута.
Вядомы беларускі пісьменнік Зіновій Прыгодзіч вырашыў паказаць свайму ўнуку таямніцы наваколля. Не трэба ехаць у заморскія краіны, шмат сакрэтаў вакол нас. З веласіпедных падарожжаў каля дачы ды яшчэ з верным сабачкам Джэкам і атрымаліся займальныя аповеды.
Не прапусціце ў кнігарні ці бібліятэцы новую кнігу Зіновія Прыгодзіча “Арцёмкавы канікулы”. Вы даведаецеся шмат новага пра Нарач, вугроў, балота, сароку, крата, ластавак. Пісьменнік перакананы: калі добра вывучыш і палюбіш сваю Айчыну, то і ў замежных падарожжах не згубішся.
Гэтая кніга – добры падарунак дзецям ад выдавецкага дома “Звязда”. Прыгожыя малюнкі да яе стварыў Уладзімір Сытчанка.
Хай жа чытанне добрай літаратуры стане вашым штодзённым заняткам!
Вася Вясёлкін