Яніна варыць суп
Понедельник, 5.12.2016 07:19. Рубрика: Навіны "Вясёлкi"
Кідаем бульбу ў рондаль –
буль! –
булькае бульба ўсё роўна,
быццам маленькая бомба.
Кіпень бурчыць і вуркоча,
вымкнуць з-пад накрыўкі хоча.
Зробім паменей агеньчык –
чык! –
солькі крыху дададзім.
Роўненька столькі
кінема солькі,
каб было досыць усім.
Мама, дачысьці цыбульку!
Вочкі баляць у дачулькі.
Хуценька, мама, іначай
вочка ў дачулькі заплача!
Дзякуй, матуля! Цяпер жа
дробна цыбульку парэжам,
сальцам патэльню змажам.
Будзем цыбулечку смажыць!
Кінем у рондаль цыбульку –
булькне не горай за бульбу.
Ўсыпем грыбкоў, зеляніну…
Супчык мяшае Яніна.
Хай пракіпіцца крыху.
Скажам у бок цьху-цьху-цьху,
выключым, хай настаіцца.
Праўда ж, мы – чараўніцы?
Анатоль ІВАШЧАНКА