Фінансы ад А да Я. Літары Ц, Ч і Э
Школка Грошыка
Ц.Цана – грашовае выражэнне вартасці тавару. Вы прыходзіце, напрыклад, у кнігарню і бачыце каля кожнай кнігі цану. Яна розная і залежыць ад таго, на якой паперы кніга надрукавана, колькі старонак, які тыраж. Улічваюцца таксама ганарары аўтару, мастаку, фатографу, наборшчыку, вярстальшчыку, карэктару. Усе расходы складваюцца разам, дзеляцца на колькасць выпушчаных экземпляраў і атрымліваецца цана кнігі.
Ч. Чэк – чэкі-квітанцыі выдаюць пакупнікам, якія ўносяць грошы за тавар. Гэта і талон з касы, які сведчыць, што пакупнік заплаціў наяўнымі грашыма альбо па картцы за сваю пакупку.
Э.Эканоміка – вызначае стан, узровень усяго гаспадарчага жыцця краіны. Чым вышэйшы ўзровень эканомікі, тым лепшыя зарплаты ў працаўнікоў, а значыць, больш заможнае жыццё. Вучыцеся, сябры, старанна і з часам вы станеце працаваць у розных галінах вытворчасці і мацаваць эканоміку Беларусі. А яшчэ эканомікай называецца навука, якая дае тлумачэнні ўсіх законаў фінансава-матэрыяльнай дзейнасці.
Э.Эмісія – гэта слова паходзіць ад лацінскай мовы emissio, што азначае “выпуск”. Эмісія і ёсць выпуск банкнотаў, папяровых грошай і каштоўных папер. У Беларусі мае права выпускаць банкноты Нацыянальны банк краіны.
Дамашнія заданні:
- Падумайце, што азначаюць такія паняцці: грош цана, дарагой цаной, загнуць цану, любой цаной, набіць сабе цану?
- Што азначае эканоміць грошы: купляць усё па малой цане, рэдка хадзіць у магазін, адмовіцца ад не вельмі патрэбных пакупак?
- Разгадайце даўнейшыя народныя прымаўкі:
Збірай і збірай грошы, а чорт на іх дзірку знойдзе.
Каля рубля і капейцы зацішней.