Трэба вучыцца жыць у дзяцей…
Ты ў такім шчаслівым узросце,
калі яшчэ сэрца не знае злосці.
Калі ўсё яшчэ наперадзе –
і дарогі, і масты.
Калі ўсё – на тым беразе,
а на гэтым – толькі ты.
Ты ў такім шчаслівым узросце,
калі яшчэ сэрца не знае злосці,
калі яму лёгка-лёгка біцца,
калі салодка-салодка спіцца.
* * *
Не дражніце гусей,
не дражніце гусей.
Гусі будуць крычаць яшчэ галасней.
Гусі любяць, каб іх шанавалі:
яны, гусі, Рым ратавалі.
Каб не гусі, загінуў бы Рым,
каб не гyci, дык пала б імперыя.
Не дражніце гусей, а спявайце ім гімн:
“Гусі белыя, гусі верныя…”
Стаўце чучалы ix у музей.
Не дражніце гусей i вы самі
i вучыце дзяцей
шанаваць гусей,
пакланяцца перад гусямі…
Не дражніце гусей.
* * *
Куды вядзе месячны след,
што свеціцца на вадзе?
Вядзе ён у дзіцячы свет,
у казачны свет вядзе.
Ну, а куды яшчэ вядзе
сцяжынка, што свеціцца на вадзе
усё ярчэй i ярчэй?
Да першай тваёй любві вядзе,
да светлых яе начэй.
* * *
Трэба вучыцца жыць у дзяцей.
І яшчэ – у выдатных людзей.
А гэтыя людзі – вялікія дзеці
у звычайным дарослым свеце…
Словам, вучыцца трэба ў дзяцей.
Анатоль Вярцінскі