Не магу жыць без Радзімы
У дуброве каля рэчкі
Сонныя растуць парэчкі,
У пералеску ля крыніцы
Ззяюць спелыя суніцы.
І вясной, і цёплым летам
Тут наўкола многа кветак.
Нівы жыта і пшаніцы,
У стаўку вада іскрыцца.
Журавель з вядром, калодзеж…
Дзе-ж такое месца знойдзеш?
Ну куды ж пайсці, падацца,
Па якой прайсці мне кладцы?
Хараство, куды ні глянеш,
Ад світання да змяркання.
І парэчкі — каля рэчкі,
І суніцы — ля крыніцы…
Без цябе жыць немагчыма,
Мая любая Радзіма.
Станіслаў ШУШКЕВІЧ
Станіслаў ШУШКЕВІЧ (19 лютага 1908 – 1 лютага 1991) – адзін з самых яркіх дзіцячых паэтаў Беларусі. Заслужаны работнік культуры. Узнагароджаны медалямі.
Яго кнігі “Вясёлыя дзятлікі”, “Колькі кіпцікаў у кошкі”, “Барадаты камар”, “Едзе страшная Яга”, “Казёл на верталёце” ніколі не залежваліся на кніжных паліцах. Многія класічныя вершы Шушкевіча былі ўпершыню надрукаваны на старонках нашага часопіса.
Жыццёвае правіла паэта было нязменнае: якія б дажджы і буры не адбываліся, заўсёды захоўвай сонечны настрой!