Ліст у рэдакцыю
Прывітанне, паважаная “Вясёлка”! Я вельмі люблю чытаць твае старонкі. Хачу стаць журналістам. Дазволь, я падзялюся з табой сваім хоббі: збіраю і запісваю народныя прыкметы. У мяне ўжо ёсць невялічкая скарбонка апісанняў пра восень. Спадзяюся, калі пашанцуе, мае запісы ўбачаць іншыя чытальнікі на тваіх старонках.
Восень – незвычайная, прыгожая пара года. Рознакаляровыя лісточкі, незвычайнае неба, чароўнае паветра, шалаўлівы ветрык. Прапаноўваю юным чытачам паназіраць за прыродай, а затым параўнаць прыкметы з асабіста ўбачаным.
— Калі на бярозе ліст пачаў жоўкнуць з вяршыні, то будучая вясна будзе ранняй, а калі знізу — то позняй.
— Увосень птушкі ляцяць нізка — да халоднай зімы, высока — да цёплай.
— Жоўтае лісце ападае слаба — маразы наступяць не хутка.
— З’яўленне камароў позняй восенню — да цёплай зімы.
— Шмат снегу з восені — увесну будзе дажджліва.
— Калі снег выпадае восенню, а дрэвы яшчэ не скінулі лістоту, ён хутка растане.
— Чым сушэй і цяплей у верасні, тым пазней зіма наступіць.
— Доўгая павуціна ляціць – снег прыйдзе не хутка.
— Шмат павуціны на бабіна лета — да халоднай зімы.
— Шмат ягад рабіны — да дажджлівай восені і халоднай зімы.
— Гром у верасні — да цёплай восені.
— Шмат арэхаў, а грыбоў няма — зіма будзе снежная і суровая.
— Шмат жалудоў на дубе — да лютай зімы.
— Восенню расцвілі шыпшыннік, дзьмухавец, гарох на градцы — да доўгай цёплай восені.
Дзякуй за увагу!
Віцебская вобласць, г.Глыбокае
ДУА “Сярэдняя школа № 3 г. Глыбокае”
Вучаніца 8 “А” класа
Любоза Крысціна.