Ад чаго навальніца бывае?
– Ці ведаеш, дачушка, ад чаго навальніца бывае? – спытаў тата ў маленькай Васілінкі.
– Нець, – трохі павагаўшыся, сказала дзяўчынка.
– Ото давай я табе распавяду! – прапанаваў тата.
Малая хітнула галавой і, уладкаваўшыся на канапе, утаропіла вялікія блакітныя вочкі на бацьку.
– На небе, – пачаў аповед тата, – усё амаль як у нас. Там таксама жывуць дарослыя і маленькія. Толькі яны не такія, як мы. Ты іх часта бачыш, калі глядзіш на неба. Гэта аблокі і хмары. Яны такія лёгкія, прыгожыя і розныя. Як няма ў свеце двух аднолькавых людзей, так і на небе не знойдзеш аніводнай хмаркі-аблачынкі, падобных адна да адной.
У хмар і аблокаў таксама ёсць дзеткі – хмараняткі і аблачаняткі. Старэйшыя, як і ў нас, на працу ходзяць – хто ўдзень, хто ўночы, а малеча ўвесь час гойсае па небе, скача, лётае хто куды ды ў хованкі гуляе. Калі дружна, а калі і не.
Як пачнуць, бывае, сварыцца ды штурхацца, дык такі шум і гвалт ідзе, хоць ты вушы заціскай, а мы на зямлі толькі чуем, як уверсе грыміць ды грукоча.
Вось яны паб’юцца, патузаюцца трохі, ды й давай сілаю і спрытам мерацца. І ну каменнем шпурляцца, кідацца, – хто вышэй, хто далей закіне. А на небе камяні не такія, як на зямлі, – цяжкія, як падняць, ды вялізныя, што тыя горы. Іншы раз, як валун на валун наляціць, – ажно іскры ў розныя бакі сыплюцца, маланкі шугаюць ад краю да краю. І грукат такі стаіць – усё кругом ходырам ходзіць, здаецца, неба зараз абваліцца. А як давядзецца каму камянюкай у балею ці вядро пляснуць, дык тады звон-перагуд па ўсёй ваколіцы і дождж без упыну лье, тады людзі кажуць – палівае, як з вядра.
А пасля нагуляецца, нагарэзуецца нябёсная дзятва, прыйдуць бацькі дахаты і зноў ціха.
– Ну вось, донечка, цяпер ты ведаеш, што, калі хмаркі сварацца, то і навальніца бывае.
Алесь ЕМЯЛЬЯНАЎ-ШЫЛОВІЧ
Цудоýная казка. Дзякуй
Дзякуй за добрыя словы!
Цудоунае апявяданне
Дзякуй, спадарыня Алена.
Вельмі рады, што вам спадабалася.
У гэтым нумары Бусі мой новы вершык.
Прыемнага прачытання.