Пашка і сонечны праменьчык
Апошні жнівеньскі адвячорак спускаў на зямлю лёгкую дрымоту. Развітальнай самоце са жніўнем надаваў урачыстасці ярка-чырвоны заход сонца. Пунцовыя стрэлы расквечвалі небасхіл, ніяк не давалі чараўніцы-Ночы стаць паўнапраўнай гаспадыняй зямных абшараў.
– Дзеці, цішэй, – ушчувала маці-Сонейка свае праменьчыкі-свавольнікі. – Хопіць дурэць! Хіба за дзень не нагойсаліся?! З-за вашых даганялак вунь і срэбны Маладзічок узысці не можа, і дружкі-зорачкі затужылі, што іх зіхатлівага бляску не відно. Каму кажу, пара класціся! – каб даць рады, маці мусіла гаварыць строга. – Дзень у нас з вамі заўтра надзвычай важны. Першага верасня ўся дзятва адправіцца ў вялікае падарожжа па Краіне ведаў. Мы павінны дарыць сонечны настрой. Гэта – вялікая адказнасць. Адпачывайце, набірайцеся сіл! Нясіце ў снах сваім сябрам самыя светлыя і шчаслівыя мары, – пажадала старэйшым маці-Сонейка і ўзялася закалыхваць меньшых праменьчыкаў, зіркатлівых сонечных зайчыкаў.
Стромкія хвойкі яшчэ глядзелі свае казачныя сны, а з-за іх цямністых вершалін ужо паволі выплывала ружовая Зараніца, вітаючы залатое Сонейка.
– Уставайце, любыя дзеткі! Пазніцца на Зямлю нельга, – калыхнула сонныя калыскі маці-Сонейка.
Праганяючы цемру, заструменілі на зямлю дбайныя праменьчыкі бліскуча-радаснага святла. Іх яркія стрэлы прабіваліся праз світальны туман, мільярдамі дыяментаў успыхвалі на кропельках расы, што рассыпаліся па калючых хваінках, жылкаватых лісціках, мурожнай траве. Нарадзіўся новы гаманкі дзень, поўны планаў, адкрыццяў, казачнай явы…
* * *
Стрэлкі гадзінніка раз-пораз кідалі позіркі ў бок ложка, дзе салодка спаў першакласнік Пашка. Са здзіўленнем паглядалі ў акенца, адкуль звычайна выскокваў праменьчык. Кладучыся спаць, хлопчык даваў цвёрдае слова: будзе ўставаць, калі раніцой яго зіхоткі сябар асвеціць малую стрэлку на лічбе сем, а вялікую – на дванаццаці. Пашку не цярпелася хутчэй ускінуць на плечы новенькі ранец і прайсціся ля задавакі-суседкі Машкі. Было прынцыпова важна, каб тая ўсвядоміла, што ён, Павел Кавалёў, ужо “бальшун”, а не садаўская малеча, як яна.
Сёння ён упершыню будзе з гонарам стаяць на школьнай лінейцы. Залівісты званок абвесціць аб пачатку новага навучальнага года. Потым настаўніца Ганна Міхайлаўна павядзе шумных пачаткоўцаў у клас, пасадзіць за парты і распавядзе на першым уроку пра самае роднае: мову, маці, Радзіму.
Стрэлкі паспрабавалі запаволіць бег, але строгі позірк таты-гадзінніка не дазволіў паслабіцца. Мудры механізм за сваё жыццё ні разу не спыніўся, заўсёды паказваў праўдзівы час.
За вакном жа цемра не прападала.
Адпрасаваная форма і бялюткая кашуля збянтэжана паглядалі з вешалкі. Ад суму нават пекная астра ў шыкоўным букеце, падрыхтаваным да лінейкі, панікла.
Што здарылася? І чаму ў акно да Пашкі не зазірае праменьчык?
* * *
Сонечнае святло залівала вуліцы гарадоў і сёл. Верасень у школьнай форме ўрачыста крочыў па краіне. Ды раптам маці-Сонейка, азірнуўшыся, угледзела праменьчык, які з асалодай пацягваўся ў ложку.
– Ты чаму лянуешся? – абурылася Сонца. – Уся наша сям’я шчыруе, не ведаючы стомы, а ты ніяк не прачнешся! Нехта там, на Зямлі, без твайго святла не паспее ў школу!
Сорамна стала гультаяватаму праменьчыку, і ён горка заплакаў. Яго слёзкі падхапіла жвавая хмарка і спорным дожджыкам-грыбасеем сыпанула на Зямлю.
– Слязамі няшчасце не адгоніш, – працягвала павучаць маці. – Хутчэй імчы туды, дзе цябе чакаюць. Ведай: лепш самому быць пакрыўджаным, чым каго іншага засмуціць.
* * *
Праменьчык стрымгалоў кінуўся ўніз, пранік у пакой, агеньчыкам-званочкам заскакаў па падушцы, вінавата зірнуў на гадзіннік. Той толькі паціснуў плячыма…
Пашка, расплюшчыўшы вочы, паглядзеў на гадзіннік і зразумеў: пара ўставаць!
Якраз у гэты момант у пакой зазірнула маці:
– Першакласнік, – упершыню так звярнулася да сына, – спяшайся! Ужо і гадзіннік непакоіцца за цябе.
Праменьчык стараўся дапамагчы, увішна скакаў вакол хлопчыка. Той сабраўся па-даросламу хутка.
У двары, поўным сонца, стаяла фасоністая Машка. Яна працягнула Пашу цукерку і сказала: “Віншую!” Было ясна, што дзяўчынка прызнала перавагу суседа. Калі б не ў школу, то расчулены хлопчык абавязкова падарыў бы свае кветкі Машцы. Астра з ягонага букета ганарліва ўзняла пушыстую галоўку і запунсавела, калі ёй какетліва падміргнуў праменьчык.
Увечары сям’я сабралася за святочным сталом. Пашка паважна расказваў пра аднакласнікаў і першы ўрок. Бацька разразаў яблычны пірог, маці разлівала духмяную гарбату, а бабуля з дзядулем з цікавасцю разглядалі маляўнічую кнігу, якую падарылі хлопчыку ў школе, пра яго родную краіну – Беларусь.
Свяціліся акенцы-агняцветы і ў высокім нябесным палацы: вясёлыя праменьчыкі навыперадкі расказвалі пра радасць сустрэчы ў школе з сябрамі. Толькі адзін з братоў вінавата паглядаў у бок маці. Тая спачувальна прытуліла малога да сябе:
– Заслугоўвае павагі той, хто мае мужнасць прызнаць сваю памылку і здолее яе выправіць. Няхай для цябе, сынок, гэта стане ўрокам.
Алена СТЭЛЬМАХ