Вершы на памяць
Вторник, 22.11.2016 08:20. Рубрика: БУСЯ
Рыгор БАРАДУЛІН
Едзе вячэра
Пераходзіць
Бусел брод.
Дзюба ўгору ўзведзена –
Гэта едзе бутэрброд
З жабкамі ўсярэдзіне
На вячэру буслянятам.
Добра быць
З цыбатым татам!
Сяргей НОВІК-ПЯЮН
Танцавалі зайчаняткі
Пад наглядам любай маткі
Танцавалі зайчаняткі,
Танцавалі, падпявалі,
Лапкай такты адбівалі.
То яны ўсё бокам, бокам,
І ўпрысядку, і з прыскокам!
Танцавалі ўлева, управа,
Так прыгожа і так жвава.
Ларыса ГЕНІЮШ
Вавёрка
У лісічкі свая норка,
І ў вавёркі ёсць каморка.
Як у добрай гаспадыні,
У вавёркі поўна ў скрыні:
Жалуды, арэхі, шышкі –
Намалюйце іх для кніжкі.
Іван МУРАВЕЙКА
Парасон
Найдабрэйшы
ён характар мае:
Калі бесперастанку
дождык лье,
Сам да апошняй
ніткі намакае,
Але мне прамокнуць
не дае.