Свая сцяжынка
Сцяжынкаю праз лес ішоў чалавек і ціха штосьці спяваў. Ён убачыў магутны дуб, якому, напэўна, было шмат гадоў. Чалавек дакрануўся да шурпатай кары і ўсміхнуўся. Дастаў з кішэні нож, выразаў на кары літарамі-крывулямі сваё імя і пайшоў далей. Было горача, і чалавек ледзьве дайшоў да закінутага хутара. Яго позірк спыніўся на сіратлівым калодзежы з паднятым перакошаным жураўлікам.
Чалавек зазірнуў у калодзеж і, задаволены сабой, папляскаў у ладкі. На самым дне выблісквала вада. Але вядра не было. Толькі сіратліва матлялася абарваная вяроўка. Чалавек падняў каля плота гліняны аднавухі гарлачык, памахаў ім, спадзеючыся знайсці скарб былога гаспадара. Калі пераканаўся, што там пуста, прывязаў вяроўку за вушка і апусціў у калодзеж. Вада з калодзежа была халоднай і смачнай. Чалавек напіўся і тут жа, не раздумваючы, адвязаў вяроўку і разам з гарлачыкам шпурнуў у калодзеж. Чалавек не супакоіўся. Здавалася, у гэту хвіліну прачнулася ў ім даўняе прыспанае жаданне абавязкова зрабіць шкоду. Хоць шкодзіць патрэбы ніякай не было. Відаць, проста для забавы. Як вядома, многія глупствы творацца менавіта дзеля забавы. Ён з цяжкасцю адарваў кавалак старой дошкі ад плота і шпурнуў у калодзеж. Хай гніе там, а не мазоліць вочы. Хай ніхто больш не натоліць смагу…
За чалавекам уважліва сачыла варона, што сядзела на макаўцы дрэва. Крыўдна было ёй за ні ў чым не вінаваты калодзеж. Праўда, варона яшчэ не знала, што чалавек гэты люта ненавідзіць сабак, а тыя – яго. Яны абыходзяць злоснага чалавека за вярсту. Сабакі ўмеюць адрозніваць добрых людзей ад дрэнных. А вось людзі – незаўсёды.
Чалавек гэты не шкадаваў і катоў. Пабачыўшы яго, бедныя жывёлы кідаліся наўцёкі.
Больш за ўсё былі ўстрывожаны птушкі. Яны з такой цяжкасцю будавалі свае гнёзды, а чалавек разбураў пабудаванае. Проста так… Паляцела тады варона, каб пракрычаць-пракаркаць на ўвесь свет аб свавольствах чалавека. А чалавек ішоў па зямлі і адчуваў сябе гаспадаром. Нечакана яму ізноў вельмі моцна захацелася піць. У роце перасохла, але вады нідзе не было. У блізкім балоце дружна крумкалі жабы, і, здавалася, яны насміхаюцца над ім. А чалавек за гэты час затаптаў мурашнік і пайшоў далей шукаць вады. Яму здавалася, што жабы скачуць следам і крумкаюць:
– Дрэнны, дрэнны, дрэнны…
Ручаёк, пачуўшы крокі чалавека, затаіўся пад травой. Дарога перайшла ў выбоістую сцяжыну, а тая згубілася ў разнатраўі і хутка зусім знікла. Чалавек траціў апошнія сілы. Навокал ніводнай жывой душы. Чалавек прылёг на хвіліну, спадзеючыся вярнуць сілы. Але марна. Ён трывожна падхапіўся. Відаць, мурашкі ведалі ўжо пра няўдзячнага чалавека і таму папаўзлі яму за каўнер. З апошніх сіл ён пабег, але ніяк не мог адбіцца ад маленькіх мурашоў, назойлівых мошак і камароў, якія бясконца лезлі ў нос, рот, вочы. Яму здавалася, што яны таксама па-свойму шапталі яму на вуха:
– Дрэнны, дрэнны, дрэнны…
Увесь свет паўстаў супраць чалавека. Сцяжынкі хаваліся, жабы здзекліва крумкалі, кусалі камары і мурашкі. Па ўсім свеце варона разнесла вестку пра дрэннага чалавека. І вось, магчыма ўпершыню, у яго прамільгнула думка пра дабро. Ён прысеў на траву. Першае, што ўразіла чалавека, – гэта прыгажосць, якую ён не заўважаў дагэтуль. Мяккая трава, неба блакітнае і чыстае. Пачала праглядвацца і тая сцяжынка, па якой ён яшчэ нядаўна ішоў. Чалавек раптам зразумеў, што ўсё гэта было і раней, а сам ён знаходзіўся ў нейкім дрэнным сне. Напружыўшы апошнія сілы, ён падняўся і пайшоў па знаёмай сцяжынцы. Туды, адкуль пачынаў свой шлях, параніўшы векавы дуб, дзе ўчыніў здек над калодзежам. Ён адшукаў разварушаны мурашнік і тут жа паправіў яго. Мурашкі больш не кусаліся. Камароў і машкару недзе садзьмула лёгкім ветрам. Жабы ў балоце не крумкалі, а лагодна спявалі. Чалавек адшукаў калодзеж, куды ён яшчэ нядаўна кінуў дошку. Знайшоў доўгую жэрдачку і выцягнуўшы гліняны гарлачык, зноў падчапіў яго на вяроўку, затым дастаў дошку, наталіў смагу і падаўся да старога дуба. Потым доўга шукаў гліну, а знайшоўшы яе і размачыўшы, пачаў асцярожна замазваць раны, што ўтварыла выразанае нажом яго імя.
“Хай жыве”, – падумаў чалавек.
І зразумеў ён, што да прыроды трэба быць больш спагадлівым. Тады і яна стане служыць яму.
Ганад ЧАРКАЗЯН
Пераклад на беларускую мову Казіміра КАМЕЙШЫ