На ліфце ў падзямелле
З аповесці-казкі “Закаханы трэцякласнік”
Казачнік задаволены. Яго пасажыры ніколі не скардзяцца на стому, не вельмі сумуюць па дому. Ім хораша ў вандроўцы. Заўсёды вясёлыя, з настроем пераадольваюць любыя адлегласці.
Вось зараз “Опель” шапаціць па шырокай, раўнюткай магістралі. А ў салоне машыны – працяг Аўцюкоўскага свята.
Алеся прыгадала, як яна ў другім класе здзівіла маму. Вярнулася са школы і аб’явіла: “Мама, збірай клавіятуру. Трэба здаць у школу”. У мамы ад здзіўлення акругліліся вочы: “Хто загадаў?.. Навошта школе наша камп’ютарная клавіятура?..” Аказваецца, трэба было занесці макулатуру.
Толіку таксама захацелася расказаць нешта смешнае. Ён прыгадаў жартоўную страшылку, якую пачуў ад старшакласнікаў:
Хлопчык маленькі на ліфце катаўся,
Усё было добра, ды трос абарваўся.
Толькі не плачце, а мне вы паверце —
Усё адбылося на першым паверсе…
Калі ўсе добра адсмяяліся, Казачнік аб’явіў:
— А вось сёння мы сапраўды паедзем на незвычайным ліфце. Ён возіць людзей не ўгору, а ў падзямелле.
— Можа, туды, дзе цмок хавае скарбы? – здзівіўся Толік.
— Можа, у падземнае царства? – здагадалася Алеся.
— Вы амаль што адгадалі, але тое царства скарбаў належыць не цмоку, а ўсім людзям, – сказаў казачнік.
— І нам? – Толік загадкава зірнуў на Алесю.
— І вам, і мне, – пагадзіўся Казачнік і пачаў тлумачыць. – Зямля – наша карміцелька. Яна дае нам практычна ўсё-ўсё, што ёсць у гастраноме.
— І марожанае расце на зямлі? – спытаў Толік.
— Марожанае робяць з малака. Малако дае карова. Карова есць траву, якая расце на зямлі. Пытанні яшчэ ёсць? – Казачнік весела пазіраў на сваіх пасажыраў.
— Ёсць! – усклікнула Алеся. – А няўжо і цукеркі з зямлі?
— А як жа! – Казачнік ажно ўзрадаваўся такому пытанню. – Для вырабу цукерак патрэбны цукар. А яго вырабляюць з цукровых буракоў, яны растуць на палетках. А яшчэ патрэбны арэхі, кава, варэнне, джэм, малако. Усё гэта не будзеш мець без зямлі.
—Дык зямля – самая важная багацейка, – роздумна зазначыў Толік.
— Гэта праўда, – падтрымаў яго Казачнік. – Але ж нашу Карміцельку саму трэба падкормліваць.
— А чым? – Толік нясцерпна хацеў ведаць усё адразу.
— А вось зараз мы і адкрыем тайну. Для гэтага мусім спусціцца пад зямлю на адзін кіламетр. Не страшна?
Толік і Алеся пераглянуліся. Страшнавата, але ж і цікава, заманліва ўведаць новую тайну.
— Мы згодны! – аб’явілі спадарожнікі.
“Опель” падруліў да жалезнай брамы. Яна тут жа аўтаматычна адкрылася. Усе зразумелі, што Казачнік папярэдне пра ўсё дамовіўся.
Машыну паставілі на стаянку. Вандроўнікі зайшлі ў белакаменны будынак. Тут жа іх запрасілі ў распранальнік, дзе яны пераапрануліся.
Праз колькі хвілін нашы вандроўнікі сталі амаль непазнавальнымі. У каляровых, грубаватых спяцоўках, у аранжавых шлемах з лямпачкай-ліхтарыкам, яны былі гатовы да спуску ў падзямелле.
Іх прывялі да вялізнага ліфта. Ён нагадваў хутчэй грозную клетку ільва ці тыгра, чым таго акуратнага перавозчыка, якім карыстаюцца жыхары любога дома.
Казачнік, Толік і Алеся маўкліва зайшлі у жалезную клець. Ліфцёр, маладая жанчына, таксама ў спяцоўцы і касцы з ліхтарыкам, весела аб’явіла:
— Едзем у шахту!.. Глыбіня – тысяча метраў… Не палохайцеся… Усё будзе добра!..
Дзверы ліфта лязгнулі, зачыніліся. Ліфцёрша націснула кнопку на пульце, і клець, паскрыпваючы, як бы нехаця, паляцела ў глыбокі зямны калодзеж.
Каб экскурсанты забыліся пра страх, ліфцёрша узялася баіць легенду:
— Шмат слёз пралілі нашы продкі , абрабляючы Зямлю матыкамі, плугамі. Іх слёзы не толькі арасілі палеткі, але і зацяклі глыбока ў нетры. І ўтварылася там з людскіх слёз салёнае мора. А потым ператварылася яно ў соль зямлі. І назвалі яе сільвінітам, каменнай соллю… Цяпер нашы шахцёры здабываюць гэты скарб. Ім угнойваюць, падкормліваюць палеткі, каб атрымаць высокі ўраджай…
Гаварыла толькі жанчына. Яна прывыкла за такіх спускаў. А Толік і Алеся адчувалі, што нешта цяжкое, як бы з патаемнага скляпення, закладвала вушы, крыху ціснула на галаву. Але храбрыліся, баяліся прапусціць словы ліфцёршы.
— От і прыехалі!.. Прашу вас у царства солі!.. – Аб’явіла жанчына і раскрыла лязгатлівыя дзверы клеці.
Казачнік, Толік і Алеся апынуліся ў шыкоўным палацы. “Падлога” і паўкруглыя “сцены” быццам высланы дыванамі. Чырвоныя, бялявыя, бэзавыя фарбы ўплецены ў шэрыя нетры.
Шахцёр-экскурсавод прапануе датыкнуцца да каляровай сцяны, пасля языком лізнуць пальцы. Так і зрабілі.
— Салёна!.. Гэта не зямля, а соль!.. – зрабіў адкрыццё Толік.
— Як тут прыгожа! – выгукнула ў захапленні Алеся.
Вандроўнікаў павялі па шырокай, доўгай вуліцы – штрэку. Цьмянае асвятленне, ліхтарыкі на касках, глухое рэха, – усё гэта стварала загадкавую таямнічасць. А на сценах праяўляліся ўсё новыя ўзоры. Вачэй не адарваць!
Захапленне падземнымі тунелямі доўжылася да таго часу, пакуль не ўбачылі сапраўдных шахцёраў. У паўцёмным скляпенні яны стаялі напаўкаленках, на тварах – рэспіратары, на касках –ліхтары, а ў руках – як бы штурвал ад камбайна, які з візгатам угрызаўся ў крышталёвую соль. За шахцёрамі “столь” трымалі металічныя “далоні”.
Адваяваная ад нетраў калійная соль адразу з забояў трапляла на транспарцёры. Яны неслі і падымалі скарб зямлі наверх, у фабрыкі, дзе соль ачышчалі ад прымесяў і рыхтавалі гатовую прадукцыю – калійныя ўгнаенні.
— Тут працы нашым гарнякам хопіць яшчэ на добрую сотню гадоў, – закончыла свой аповед жанчына-экскурсавод.
Толік і Алеся ды і сам Казачнік былі ашаломлены ад убачанага і пачутага.
Калі выйшлі да свайго “Опеля”, зусім іншымі вачыма пазіралі на горад Салігорск.
Безліччу агнёў заманьваў ён да сябе. На ўсё наваколле гучала песня шахцёраў:
Соль—гэта наша слава,
Няма тут людзей хілых.
Шахта любіць моцных.
Ім адкрывае тайны.
Уладзімір ЛІПСКІ