Вершы Раісы Баравіковай
Понедельник, 14.11.2016 08:00. Рубрика: БУСЯ
ЖЫРАФА
Зноў жырафа на абцасах
Носіць поўны кубак з квасам,
І ў жырафы ўсюды плямы,
Хоць бярэ фартух у мамы.
МУЛЬЦІК
У акно глядзіць Дануся:
“Што ж там дзеецца на вулцы?”
А за ёю сочыць Буся,
Думае, што гэта мульцік.
КАЗЛЯНЯТКА
Мама кажа казлянятку:
– Стой спакойненька ля градкі.
Казлянятка ў дрэва: “Бу-у-ух!”
І глядзіць на маму зух:
– Я не збочыў бы з дарожкі,
Ды хацеў пачысціць рожкі.
МОДНІК ГРАК
З раніцы фарсісты грак
Сабе шые новы фрак.
– Вецер, ка-а-ар!
Не замінай!
Сёння ў нас птушыны грай*.
*грай – птушыны гоман
БУСЯ Ў ПАЛЁЦЕ
Гэта ж трэба!
Гэта ж трэба!
Над абсягам беларускім
Крыламі аздобіў неба
І адтуль шле дзецям буські.