Казачны замак
Скарбы Нясвіжскага замка
– Які велічны і прыгожы будынак з чырвонай цэглы! Замак выглядае па-еўрапейску элегантна, — у захапленні сказала мама Янкі.
– Так, ён сапраўды ўражвае і зачароўвае сваёй прыгажосцю. Звычайна ўсе экскурсіі пачынаюцца ад памятнага знака, які ўстаноўлены ў гонар уключэння архітэктурнага, жылога і культурнага комплексу Радзівілаў у Нясвіжы ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Рашэнне прынята 15 ліпеня 2005 года ў паўднёваафрыканскім горадзе Дурбан на 29-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны. У спіс сусветнай спадчыны ўнесены замак-рэзідэнцыя, парафіяльны касцёл Найсвяцейшага Божага Цела і навакольныя іх пабудовы, – патлумачыў Сяргей Уладзіміравіч.
– Слухай, а праўда, што колькі гадоў таму замак моцна пацярпеў ад пажару? І толькі, пасля грунтоўнай рэканструкцыі, адкрыты для наведванняў, – пацікавіўся тата Янкі.
– Так, было і такое. Зараз Нясвіжскі палацава-паркавы ансамбль, акружаны сажалкамі ракі Уша і паркамі, прымае наведвальнікаў з розных куткоў Беларусі і замежных краін. Уваход на яго тэрыторыю праз старадаўнія вароты, упрыгожаныя гербамі роду Радзівілаў і манаграмай. Адтуль адкрываецца цудоўны від на Замкавую алею-дамбу. Асабліва добра захаваўся стыль барока ў замкавай вежы, якая калісьці была злучана з палацам брамай і гарадскімі варотамі.
– Давайце пройдзем далей, да цэнтральнай пабудовы, — прапанаваў сын Сяргея Уладзіміравіча.
– Добра, а я, тым часам, буду расказваць. Дарэчы, палацу чатырыста гадоў. За сваю гісторыю ён увабраў у сябе розныя архітэктурныя стылі: рэнесанс і класіцызм, барока і ракако, мадэрн і неакласіцызм. Найбольшага росквіту Нясвіжскі замак дасягнуў у час праўлення князя Радзівіла па мянушцы Рыбанька. Тут захоўваўся архіў Вялікага княства Літоўскага, замкавая бібліятэка налічвала каля 20 000 тамоў, у карціннай галерэі знаходзіліся 984 карціны. Унікальнымі былі калекцыі зброі, нумізматыкі (манеты), шматлікія каштоўнасці некалькіх замкавых скарбніц. Пасля падзей 1812 года (вы пра іх ведаеце з маіх расповедаў пра таямніцы Дамініка Радзівіла) замак запусцеў. Вы, мабыць, памятаеце, што пры княгіні, дэкаратару і літаратару, Марыі Дароце Радзівіл пачалася маштабная рэстаўрацыя. Пад ахову дзяржавы палац узяты толькі ў 1939-м годзе. Пасля завяршэння аднаўленчых работ у 2011 годзе гістарычны комплекс адкрыў для наведвальнікаў свае прыгожыя экспазіцыйныя залы.
– Ого, мы нібыта, трапілі ў казку! Тут як некалькі стагоддзяў таму, — здзівіўся Янка.
– Вам спадабаецца, бо ў замку паўсюль інкруставаныя золатам і срэбрам люстры і кандэлябры, тут з’явілася старадаўняя мэбля, партрэты князёў і князёнаў у шыкоўных уборах. Старадаўні гадзіннік, вялікія каміны, шырокія, пакрытыя пунсовымі дыванамі, лесвіцы і вузкія мудрагелістыя лесвічкі з дзіўнымі вазамі па кутах. Скуры мядзведзяў на мармуровай падлозе і велізарныя люстэркі на сценах. Здаецца, вось-вось загучыць музыка – і пачнуць танцаваць князі і княгіні.
– Сяргей Уладзіміравіч, а што гэта за чалавек? – задаў новае пытанне Янка.
– У такой вопратцы тры стагоддзі таму хадзіла беларуская шляхта. У строі вусатага шляхціца адметны ўбор – слуцкі пояс. Радзівілы мелі ў Слуцку сваю фабрыку, якая займалася вырабам гэтага важнага арыстакратычнага аксэсуара. Ткаліся паясы з даданнем срэбнай або залатой ніткі. Кожны пан хацеў мець такі пояс, як сёння кожны хоча “айфон” апошняй мадэлі. Праўда, у адрозненне ад “айфона” за адзін слуцкі пояс па тым часе можна было купіць цэлую вёску.
– Якія прыгожыя драконы на вуглах будынка, – адзначыла мама Янкі.
– Ага, – падтрымаў сын, – жалезныя драконы на сценах пільнуюць Нясвіжскі замак.
– Давайце пройдзем далей, вы пабачыце незвычайную люстру ў выглядзе арла – родавага сімвалу Радзівілаў. Дарэчы, падобнага арла вы заўважыце і на гербе Радзівілаў. Дэвіз роду – “Нам раіць Бог”, – патлумачыў Сяргей Уладзіміравіч.
– Ого, якая прыгожая лесвіца, як у кіно!— радасна ўсклікнула сястрычка Янкі.
– Так, яна пабудавана ў перыяд Рэнесансу. Вялікая парадная лесвіца як бы нагадвае пра ўзыходжанне роду Радзівілаў да славы, магутнасці, багацця. Яна вядзе ў парадную Залатую залу. Яркая танцавальная зала нібыта чакае першыя акорды мазуркі. Але можна зразумець і тых, хто аддае перавагу гадзінніку з цікавай гісторыяй і выразнай багатай прыгажосцю. Потым няспешна разглядваюць убранства Каміннай залы, Малой сталовай. У працоўным кабінеце князя нібы толькі што прайшоў прыём важных асоб. Светлая сталовая – пакой гатовы да чаявання. Тэатральная зала рыхтуе сюрпрызы для прыхільнікаў сцэнічнай імправізацыі: тут можна пачуць шум дажджу і завыванне ветру, палюбавацца першай дзіцячай цацкай. Паляўнічая зала аздоблена пудзіламі жывёл і птушак, а таксама зброяй і экіпіроўкай. Кожнае памяшканне палаца цікавае і дзіўнае. Аднаго дня мала, каб усё падрабязна агледзець. Сёння, будзем лічыць, наша першае спатканне з Замкам, – на гэтым Сяргей Уладзіміравіч закончыў свой аповед.
Анастасія Радзікевіч