Цікавінкі ад Бульбіка і Журавінкі
14. Як трытон Харытон зрабіўся філосафам
Рачная плынь хутка несла батыскаф, а Лупыдра ўсё адно плыла наперадзе: выдатная плаўчыха выдра!
Бульбік і Журавінка, прыляпіўшыся да ілюмінатараў, пільна ўглядаліся ў падводнае жыццё. А за батыскафам – “плёх-плёх-плёх!” – спяшаўся трытон Харытон: яму неадменна трэба было хоць адным вокам пабачыць, як Лупыдра будзе ў баброў інтэрв’ю браць. А тады – хто ведае, мо і сам Харытон у газеце “Купіна” што-небудзь надрукуе?
Трытон Харытон паходзіў з сямейства Сапраўдных Саламандравых. Ух, колькі бабуля Саламандра яму набаяла пра іх род! Расказвала – людзі здавён вераць у неўміручасць саламандраў, а таксама ў тое, што скурка гэтых яшчарак лекуе ад усіх хваробаў! Кожны трытон-саламандра – гэта маленькі дракон, які рана ці позна абавязкова перакінецца ў вогнедышнага цмока!
Трытон Харытон хоць не чуў і не бачыў, каб з якім-небудзь родзічам так сталася, але ўсё адно верыў кожнаму слову бабулі.
Праўда, узвышаным думкам пра адметнасць свайго роду перашкаджае карась Ясь, які ўвесь час кпіць з трытона Харытона. Знайшоў жа тэму: сам карась, бач, залацісты, а ў трытона Харытона скурка – плямкамі. І такая назола, праходу не дае:
Трытон-Харытон
Злавіў рыбку хамутом!
А Харытон рыбак не ловіць, ён з імі сябруе. Хамут жа наогул у вочы не бачыў і што гэта такое – не ведае!
От і карціць трытону зрабіць нешта адметнае – каб жыхары наземныя і падводныя, лясныя і балотныя ўвагу звярнулі, таленты яго ўхвалілі – мо, тады і карась Ясь адчэпіцца! Вось таму і спяшаецца за батыскафам, насустрач прыгодам.
– Стаяць, бурбалкі не пускаць! – раптам пачуў Харытон грозны вокліч.
Наперарэз плыла страшная рыбіна. Галава большая за тулава. У разяўленай зяпе востранькія зубкі што частакол. Вочы злосныя бліскаюць, сківіцы шчоўкаюць.
– Я – памежнік! Ратан Галавешнік! Есці люблю – цябе ўхаплю!
Ой, бяда! Тутэйшыя рыбкі Галавешніка баяліся: гэтая пражэра тут пасялілася не так даўно, прыплыла з-за свету, ажно з Далёкага Усходу – і палявала на іх.
Трытон Харытон заплюснуў вочы і развітаўся з жыццём: канец! Але раптам вялікі цень засланіў сонца, якое даставала промнямі да самага рачнога дна.
– А я – чарапаха Саламаха! Земнаводная, галодная, есці люблю – цябе ўхаплю! – пахвалілася чарапаха і кінулася на ратана Галавешніка.
Дарма яна выхвалялася. Хоць у вадзе чарапаха не такая маруда, як на зямлі, але ж ратан аказаўся спрытнейшым. Круць-верць – Саламаха не паспела яго нават за хвост ухапіць.
Тады яна павярнулася да Харытона.
– Трытончык! Харытончык! – кліча. – Пачакай, не ўцякай: давай пагаворым!
Ага, чакай! Харытон добра ведае: Саламаха не толькі траўку скубе, але і на рыбку палюе, ды і трытонам можа паласавацца. Харытон адважна падплыў да чарапахі і кінуў ёй у вочы жвір. Што не зробіш, каб выратавацца ад галоднай Саламахі.
Пакуль тая сварылася і выцярэблівала пясок, Харытон куляй кінуўся за батыскафам.
Плыве Харытон і думае: проці бяскрыўднага трытона ратан – пагрозлівая рыбіна. А для балотнай чарапахі ён – аніякі не страх, а пракорм. Вось так: на любую сілу свая сіла знойдзецца!
Нават і не падазрае трытон Харытон, што паціху ператвараецца ў філосафа – гэта значыць, мысляра, які разважае пра тое, як у свеце ўсё зладжана.
15.З ПЕРАПУДУ БАБРЫ З’ЯДАЮЦЬ ВІЗІТОЎКІ І ПРАБАЧАЮЦЬ ВЫДРЫ ЯЕ НАХАБСТВА
Тым часам лось Савось трушком бег уздоўж ракі, а батыскаф плыў услед за выдрай Лупыдрай.
Бабры любяць сяліцца на лясных рэчках – у цішы і спакоі прыходзяць найважнейшыя інжынерныя рашэнні, якія дапамагаюць ім будаваць трывалыя плаціны.
Над канструкцыяй адной з іх якраз і мазгаваў бабёр Рыгор, седзячы ў сваёй вялікай хаціне, а бабрыха Рыгорыха з бабранятамі прыбіралася пасля смачнай вячэры.
“Бух-ба-бах!” – раптам скаланула хатку, і бабёр Рыгор з жахам угледзеў падводнае страшыдла, з якога тарашчыліся прыплюснутыя да шкла невядомыя істоты.
– Палундра! – закрычаў бабёр Рыгор, ад перапуду выскачыў на бераг, а за ім – бабрыха Рыгорыха з дзецьмі.
Батыскаф, з разгону ўрэзаўшыся ў бабрыную хатку, таксама імгненна ўсплыў на паверхню. Лось Савось стаў, як укапаны. Выдра Лупыдра выскачыла з вады і кінулася наперарэз бабрынай сямейцы. Кожнаму яна ўсунула па візітоўцы – і бабру Рыгору, і бабрысе Рыгорысе, і бабранятам-Рыгаранятам.
Візітоўкі былі выдрукаваны на бярозавых лісціках. Бабры ад страху і разгубленасці не разабраліся, што іх трэба чытаць, хрум-хрум – і з’елі! Бедная Лупыдра ледзь не заплакала.
– Я – пазаштатны карэспандэнт газеты “Купіна”. Даследую жыццё баброў. На візітоўках пра гэта напісана! Прабачце за тое, што без дазволу ўлезла ў хатку. Інтэрв’ю з вамі зрабіць хацела!..
Бабрынай сямейцы стала ніякавата.
А тут Журавінка з Бульбікам выбраліся з батыскафа, сталі прасіць:
– Памажыце Лупыдры! Вазьміце на кватэру, дайце паглядзець на ваша жыццё зблізу.
Слухаў-слухаў лось Савось – і паставіў перад бабрамі плецены кош, у якім ляжалі яго скінутыя рогі.
– Вось вам падарунак. Падтрымайце карэспандэнтку.
Бабёр Рыгор і бабрыха Рыгорыха былі гасціннымі, не зласлівымі. Выдру прабачылі, як толькі яна прасіцца стала. А ўжо калі лось Савось ім рогі падараваў, гатовы былі і яго ў хатку пусціць – але Савось туды не ўлез бы.
Таму лось застаўся чакаць на беразе, батыскаф зноў заглыбіўся на рачное дно, выдра нырнула ў падводны ход, што вёў да бабрынай хаткі, а трытон Харытон плаваў пад вокнамі і спадзяваўся, што хоць краёчкам вуха пачуе размову Лупыдры з бабрамі.
Дзе там! Вокны былі шчыльна зачыненыя.
Тады Харытон выбраўся на бераг і надумаў чакаць сяброў разам з ласём Савосем.
– Давай перакусім. – прапанаваў Савось.
– А чым? – уздыхнуў Харытон.
– Ха! У мяне ёсць луста хлеба і дробак цукру: раз-два – і цымус гатовы.
ЯК ПРЫГАТАВАЦЬ ЦЫМУС
Лусту хлеба памачыць вадой і пасыпаць цукрам.
Цымус гатовы!
Алена МАСЛА