Куды падзеўся верабей?
Куды падзеўся верабей?
Яшчэ нядаўна па двары
З падскокам ён маршыраваў,
Лятаў завысака ўгары.
На гольцы вішні пасядзеў,
Пачысціў шэры сурдучок.
І вось зляцеў кудысь з двара.
Мо ў хмыз падаўся да сарок?
Там, кажуць, свежых шмат навін
Рачных, лясных і палявых.
Малыя сталі на крыло
У цёткі мудрае – савы.
Цыбаты дзядзька журавель
Усцешыў весткаю з балот,
Усе іх поперак схадзіў, –
На журавіны шчодры год.
А сойка залятала ў бор,
Ажно не радая сама, –
Такую вестку прынясла –
Брусніц і сёлета няма.
Зусім някідкая на від,
Арэхаўка з кустоў пішчыць:
Арэхаў многа ў гэты год –
Ніяк не здолее злічыць.
Мо пасабляе верабей –
Арэхі зранку лічыць ён?
Ды ўсё ж, дзівак, падзеўся дзе?
Мо верабейчык у варон?
Там свята светлае ў кумы –
Птушыны першы юбілей.
Магчыма, там, як званы госць,
І апынуўся верабей.
У шэрым сурдуце сваім
Сядзіць у тлумнай грамадзе,
Пра караедаў ды жукоў
Гамонку з дзятламі вядзе.
З аўсянкай – толькі пра авёс,
Даўно паспела змалаціць,
Цяпер наварыць кісялю.
Аж пер’ем горда зіхаціць.
Малінаўкі пачуў расказ,
А болей – горычны ўспамін:
Як ні лятала ў гушчары,
А не знайшла нідзе малін.
Мо парыбачыць паляцеў
Да шэрай чаплі на раку
І памагае спрытна ёй –
Чарвей варушыць на кручку.
І пазірае ўсё на плынь,
Дзе верхаводка аж кішыць.
А, мо, у чорнага дразда
Задумаў з раніцы пабыць?
Той дудку новую прыдбаў
І выпрабоўвае яе,
На ўвесь прыцемнены алёс*
Яна ўжо дзень які пяе.
Лятала кнігаўка туды,
Дразды сказалі: не было.
Куды падзеўся верабей?
Зляцеў мо ў іншае сяло?
Не дапытаюся ніяк,
Куды падзеўся верабей?
Ды вось убачыў сярод дня
Шчаслівых, радасных дзяцей.
Яны ж у школу ўпершыню
Прыйшлі сягоння ў светлы клас.
Ідуць, гавораць пра сваё.
І я пачуў такі адказ:
Што мой знаёмец, верабей,
У сад дзіцячы стаў лятаць,
Зімой і летам іх вучыў
На мове роднай шчабятаць.
Сягоння ў першы школьны дзень
Сурдут ён шэры свой надзеў,
На іх, шчаслівых, паглядзець
На ранку ў школу прыляцеў.
Мікола МЯТЛІЦКІ
* алёс – нізкі заліўны луг, зарослая хмызняком або трысцём нізіна, забалочанае месца.