Фінансы ад А да Я. Літары Т, У і Ф
Школка Грошыка
Т. Тайна банкаўская. Тайна ўвогуле – сакрэт, тое, што мы можам расказаць толькі самаму блізкаму сябру. Банкаўская тайна – гэта калі банк захоўвае ад іншых звесткі аб усіх аперацыях кліента (укладах, крэдытах, плацяжах). Такія звесткі банк можа паведаміць толькі пэўным дзяржаўным органам у выпадках, прадугледжаных законам. Сам кліент сваю банкаўскую тайну можа даверыць каму захоча.
У. Уклад – пэўная грашовая сума, якая пакладзена ў банк дзеля яе захавання і павелічэння. Банк часова карыстаецца грашыма і на гэтую суму выплочвае працэнты.
У. Укладчык – гэта ўладальнік грашовага ўкладу ў банку.
Ф. Фінансы – гэта грошы. У старажытнай лацінскай мове слова “фінансы” азначала – даход. А гэта і ёсць усе грошы, якія мае краіна, альбо, скажам, цацачная фабрыка, ці асобная сям’я. Можна пачуць: “Ці ёсць у цябе фінансы?” альбо: “Ці ёсць у цябе грошы?” Дзяржаўныя фінансы – гэта сукупнасць усіх грашовых сродкаў, якія маюцца ў дзяржавы.
Дамашняе заданне:
- Каму можна даверыць банкаўскую тайну: тату, маме, сябру, суседу, незнаёмцу на вуліцы ці пасажыру метро?
- Што азначае: уклад у навуку, у літаратуру, працоўны ўклад, капітальныя ўкладанні?
- З чаго складаюцца твае асабістыя фінансы: з грошай на абеды ў школе, з пакупак марожанага, аплаты басейна ці гуртка танцаў? Падлічы разам з бацькамі: колькі яны трацяць грошай на цябе за месяц?
Цікава, якія веды будзе даваць грошык дзеткам у наступным годзе!