Маша і дожджык
Четверг, 3.11.2016 08:12. Рубрика: БУСЯ, Калонка галоўнага рэдактара
Сядзіць Маша каля акна. Спявае сумную песеньку. Сама прыдумляе мелодыю і словы.
До-ожджык, до-ожджык, ідзі-і спа-аць,
Да-ай у па-арку па-агуля-яць.
А дожджык не слухае Машу. Сам разгуляўся. Барабаніць у шыбіны.
Перабірае струменьчыкамі лісце на ліпе. Скача па асфальце. Палівае кветкі на клумбах. Прамывае ад пылу траўку.
Маша бачыць, як весела яму на вуліцы. І ёй захацелася туды.
— Мамачка,- просіць,- пусці мяне. Буду з дожджыкам сябраваць.
— Ногі хочаш намачыць?
— А ты мне боцікі абуй.
-Хочаш, каб сукенка мокрая была?
— А я накідку жоўтую вазьму.
— Хочаш, каб галава намокла?
— А ў мяне парасончык ёсць…
Няма болей чым палохаць Машу, і мама кажа:
— Збірайся, пойдзем гуляць з дожджыкам.
І яны разам ідуць на вуліцу.
Уладзімір ЛІПСКІ