Сабакі
1. Аўчарка
І кемліва, і шпарка
Каманды ўсе як след
Выконвае аўчарка –
Бярэ надзейна след.
2. Бордар-колі
Брытанскі бордар-колі,
Як рыцар, і таму
Не здраджвае ніколі
Гаспадару свайму.
3. Бладхаунд
Бладхаунд мае званне:
Рахманы ратаўнік!
У службе ратавання –
Адданы працаўнік!
4. Бігль
У бігля нюх выдатны –
Няма яму цаны,
Да палявання здатны
Сабака вышукны́.
5. Рэтрывер
Рэтрывер, ласкі поўны,
Цярплівы і сямейны,
І сябар ён цудоўны,
І павадыр надзейны.
6. Даберман
Даберман любы паркан
Пераскочыць, як захоча;
Паслухмяны даберман
Без каманды ўбок не збочыць.
7. Папільён
Каралеўскі папільён –
Гэткае імя далі,
Бо яго яшчэ здавён
Палюбілі каралі!
8. Ратвейлер
У ратвейлера (я ўгледзеў
І скажу, як мае быць) –
Сківіцы, як у мядзведзя…
Бойся гэткага цвяліць!
9. Хаскі
Блакітнавокі хаскі –
Брат воўка і зімы!
Нібы з крыштальнай казкі,
Яго сустрэлі мы.
10. Такса
Паляўнічы з кароткімі лапамі –
Такса ўшыецца лёгка ў нару,
Барсука там умомант абдрапае
І аддасць яго гаспадару.
11. Спаніэль
Хапае качку ў возеры
І з ёй плыве на мель,
Нібыта кажа: “Вось і я –
Нястомны спаніэль!”
12. Фокстэр’ер
Фокстэр’ер (ну, што сказаць?) –
Лепш, каб быў на павадку…
Любіць доўга ён гуляць,
Аж натоміць вам руку.
13. Сенбернар
У сенбернара слаўны дар,
І з дарам гэтакім адвеку
Вялізны дужы сенбернар
Дае ратунак чалавеку!
14. Пекінес
Абсыпаны дарамі,
Наш пекінес не дбаў –
З кітайскімі царамі
І Будай сябраваў!
15. Французскі бульдог Хомка
Хомка мой ужо на золку
(З промня першага світання!) –
Просіць “Бусю” і “Вясёлку”
І чытае да змяркання!
Вершы Леаніда Дранько-Майсюка