Ён любіць жыццё і дзяцей
Крышку пра кніжку
Іван Андрэевіч Муравейка – адзін са старэйшых пісьменнікаў Беларусі. У гады вайны змагаўся з фашыстамі на фронце. За адвагу і мужнасць узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны і Чырвонай Зоркі, медалямі. Пра вогненныя гады напісаў кнігу “Іван з Беларусі”. Верш з такой назвай уключаны ў зборнік.
Іван Муравейка – заслужаны работнік культуры Беларусі, аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі і прозы для дзяцей і дарослых. Для юных чытачоў выдадзены кнігі “Ручнікі”, “Вось якія мы”, “Пра работу і ляноту”, “Сем колераў вясёлкі”, “Я прыдумаў казку” і інш. Яны не залежваюцца на паліцах школьных бібліятэк і ўзбагацілі шматлікія хатнія бібліятэкі.
Яго вершы напоўнены цікавым, карысным зместам. У іх ёсць пачуццё гумару, добрая падказка дзецям, як паводзіць сябе, як сябраваць з аднагодкамі і прыродай.
Паэт Іван Муравейка – даўні сябар “Вясёлкі”, а цяпер ужо і “Бусі”. Ён стаў першым лаўрэатам літаратурнай прэміі Васіля Віткі за творы, надрукаваныя ў “Вясёлцы”.
Давайце ўдумліва, з настроем прачытаем вершы слыннага паэта і адчуем яго ўзнёслую душу, любоў да жыцця і дзяцей. А найперш звернемся да новай кнігі.
Бібліятэка “Вясёлкі”, якую выпускае выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”, папоўнілася адметным выданнем. У серыі “Жывая класіка” выйшла кніга Івана Муравейкі “Як завуць казу?” Сюды былі ўключаны ўсе творы, якія пісьменнік публікаваў у нашым часопісе на працягу сарака сямі гадоў.
Уладзімір ЛІПСКІ