Барс Барыс і барбарыс
Брасам пераплыў Браславы
Барс Барыс за барбарыску,
А Барбара яе скрала –
Паступіла гэтак нізка!
І на ўсе Браславы басам
Рыкнуў на Барбару барс:
“Барбарыску мне тым часам
Ты аддай усю зараз!”
Родная Барбары бабка
З бору барсу кош абабкаў
Прыцягнула:“Барс, бяры –
І з табою мы сябры!”
А батанік, брат Барбары,
Ружу дорыць і да пары
Меданосны барбарыс:
“Будзь здаровы, барс Барыс!”
Гэтак шчасце поўнай меркай
Барс прыдбаў, Браславам любы,
А ў Барбаркі ад цукеркі
Пяты тыдзень ныюць зубы!
Міканор Хомачка
А цяпер табе заданне:
1) Адкажы мне на пытанне, хто такія “батанік” і “барс”, што такое “барбарыска” і “барбарыс”?
2) Верш вывучы на памяць, здымі на відэа сваё мастацкае чытанне і дашлі нам на пошту vyaselka2011@yandex.by. Лепшыя выканаўцы будуць змешчаны на нашым сайце.