Дзе жыве В?
Казка-забаўлянка
Вырашыў Ваня вучыць В. Выпісаў “Вясёлку”. Вышуквае словы з В.
У кватэры — вазон, ванна, вешалка, вагі, валёнкі, вусаты вуркоцік.
На стале — варэнікі, варэнне, ватрушкі, вінаград, ваза, вермішэль, відэльцы.
У лесе — вольха, вёрткая вавёрка, варона, воўк, ваўчыца, ваўчаняты, вожык, вуж, вужаняты.
Выйшаў Ваня на вуліцу. Валера з вудамі выпраўляецца на возера. Ваня-выдумляка выгуквае:
— Валерык, ты — Алерык.
— Чаму?
— Вывудзі са свайго імя В, і ты — Алерык.
Валера выкрыквае:
— Ведаю, ты не Ваня, а — Аня!
Вясна высвечвае вяснушкі на твары ў Валеры.
Ветлівы ветрык варушыць валасы. Вочы ў выдумшчыка вясёлыя.
Ваня вязе на веласіпедзе Валеру з вудамі, вырульвае да возера. Выганам ідзе выхавацелька, вітаецца.
— Мы В вывучылі,- выхваляюцца Ваня і Валера.
— Выдатна! Вытрымайце выпрабаванне.
— Давайце, вытрымаем!
Выхавацелька вымалёўвае восем В:
-Калі правільныя адказы ўпішаце ў гарызантальныя клетачкі, то па вертыкалі прачытаеце прозвішча вядомага героя вясёлай казкі Васіля Вітка.
Уладзімір ЛІПСКІ